Зуб Валянцін Андрэевіч (9.1.1915, Мінск — 11.8.1980, Мінск). Празаік, драматург, фельетаніст. Сябра СП з 1952 г.
Нарадзіўся ў Мінску ў сям’і рабочага. Пасля заканчэння Менскага хіміка-тэхналагічнага тэхнікума харчовай прамысловасці ў 1935 г. працаваў на хлебазаводзе ў г. Вялікі Усцюг Валагодскай вобласці, затым у Менску ў трэсце “Галоўхлеб”. У 1939 г. паступіў на сцэнарны факультэт Усесаюзнага дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве, які закончыў у 1943 г. У першы ваенны год быў у народным апалчэнні. У 1943—1944 гг. сцэнарыст на сцэнарнай студыі ў Маскве, у 1944—1946 гг. старшы рэдактар на кінастудыі “Беларусьфільм”, у 1946—1975 гг. загадчык аддзела рэдакцыі часопіса “Вожык”. Узнагароджаны медалямі. Сябра СП СССР з 1952 г.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Дэбютаваў у друку ў 1938 г. апавяданнем у часопісе “Полымя рэвалюцыі”. Аўтар аповесці для дзяцей “Таямнічы надпіс” (Мінск, 1953; па-руску: Минск, 1960; па-латышску: Rīgа, 1966), зборнікаў апавяданняў “Сапернікі” (Мінск, 1958), “Пад вясновым сонцам” (Мінск, 1960), “Як Толік праславіўся” (Мінск, 1962; па-руску: Москва, 1973; па-эстонску: Tallinn, 1974; па-малдаўску: Кишинэу, 1977), “Чорны кот” (Мінск, 1973), зборнікаў п’ес “Дружная сям’я” (Мінск, 1955), “Злавацца не трэба” (Мінск, 1961, пастаўлена ў 1960), “Аперацыя “Шафа”” (Мінск, 1967), “П’есы” (Мінск, 1972), “Нарада ў загсе” (Мінск, 1972), “Не спяшайцеся караць” (Мінск, 1975), “Тыдзень вечнага кахання” (Мінск, 1982), “Надзейная апора” (Мінск, 1985), п’ес “Не прапусцім!” (Мінск, 1954), “Толькі так” (Мінск, 1958), “Сябры” (з Ю. Багушэвічам; Мінск, 1960, пастаўлена ў 1958), “Марат Казей” (Мінск, 1963, пастаўлена ў 1964), “Нечаканае знаёмства” (Мінск, 1963, пастаўлена ў 1962), “ЧВА” (Мінск, 1971), “Юнацтва рыцара” (Мінск, 1972, пастаўлена ў 1970), “Тыдзень вечнага кахання” (Мінск, 1976, пастаўлена аперэта на музыку Ю. Семянякі ў 1975), некалькіх сцэнарыяў навукова-папулярных фільмаў.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 239).