Змагар Алесь (сапр. Яцэвіч Алесь Хведаравіч, 1.10.1903, в. Цароўка, цяпер в. Кірава Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 1995, Флорыда, ЗША). Паэт, празаік, драматург, перакладчык, публіцыст, грамадскі дзеяч.
Пасля заканчэння народнай школы ў 1914 г. вучыўся ў Слуцкай класічнай гімназіі. Разам з бацькам браў удзел у Слуцкім паўстанні, асуджаны на 2 гады зняволення (бацька расстраляны). Уцёк з турмы і прыехаў у Менск. Дзякуючы пісьменніку Р. Мурашку змог пазбегнуць пераследу. У 1925—1930 гг. вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні Менскага вышэйшага педагагічнага інстытута. Потым настаўнічаў на станцыі Радашковічы. Падчас нямецкай акупацыі працаваў у рэдакцыі “Беларускай газеты”, пазней — настаўнікам, інспектарам беларускіх школ у Радашковіцкім, Лідскім, Шчучынскім паветах. Быў дэлегатам Другога Усебеларускага кангрэса. З 1944 г. — на эміграцыі. Жыў у Нямеччыне, Аўстрыі. У 1949 г. пасяліўся ў Францыі, быў сябрам Рады БНР. Удзельнічаў у выданні перыёдыкаў “Баявая Ўскалось”, “За волю”. У 1956 г. выехаў у ЗША. Жыў у Кліўлендзе, дзе выдаваў газету “Незалежная Беларусь”. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларускага вызвольнага руху, быў сябрам Літаратурнай сустані “Баявая ўскалось”. Апошнія гады жыцця правёў у Флорыдзе.
Памёр і пахаваны ў Флорыдзе, ЗША. Дата смерці і месца пахавання невядомыя (?).
Пачаў пісаць яшчэ ў гіназіі, друкаваўся ў яе часопісе. Аўтар кніг: “Рэпка” (Лінц, 1946), “Случчакі” (Зальцбург, 1947), “Да згоды” (Кліўленд, 1962, 1963), “Змагарны шлях” (Кліўленд, 1962), “Дзень маці” (Кліўленд, 1964), “Вызвольныя шляхі” (Кліўленд, 1965), “Лесавікі” (Кліўленд, 1973), “Мае ўспаміны” (ЗША, 1985), “Случчына ў вагні” (Флёрыда, 1986).