Зазека Язэп Васілевіч (24.6.1907, в. Восаў, цяпер Клічаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 27.8.1977, Мінск). Празаік, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1967 г.
Нарадзіўся ў сям’і батрака. Закончыў літаратурны факультэт Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску (1936), аспірантуру пры гэтым інстытуце (1940). Працаваў намеснікам дырэктара Беластоцкага педагагічнага інстытута. У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны ў падполлі на тэрыторыі заходніх абласцей БССР, з красавіка 1943 г. рэдактар газеты “Свіслацкая праўда” пры партызанскай брыгадзе імя Чапаева Беластоцкага злучэння. Пасля вызвалення Беларусі працаваў намеснікам дырэктара, дэканам Мінскага педагагічнага інстытута. У 1949—1952 гг. загадваў кафедрай рускай літаратуры ў Адэскім педагагічным інстытуце. У 1952—1973 гг. дацэнт БДУ. Кандыдат філалагічных навук. Узнагароджаны польскім ордэнам Крыж партызанскі, медалямі. Сябра СП СССР з 1967 г.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Дэбютаваў у друку ў 1930 г. Аўтар кніг прозы “Рукою ворага” (Менск, 1932) і “Партызанскія сцежкі” (Мінск, 1959), зборнікаў апавяданняў для дзяцей “Лясныя сябры” (Мінск, 1966), “Сонечны алень” (Мінск, 1969), “Трывожная ноч” (апавяданні і нарысы, Мінск, 1972), брашуры “Вялікі і вечна жывы: Вобраз У. І. Леніна ў беларускай народнай творчасці” (Мінск, 1968), паасобных артыкулаў пра беларускі фальклор. Укладальнік зборнікаў партызанскай творчасці “Песні барацьбы” (з М. Меяровіч і С. Карабанам; Мінск, 1946) і “Лясныя песні” (Мінск, 1970).