Засім Мікола Арцёмавіч (19.11.1908, в. Шані, цяпер Пружанскі р-н Брэсцкай вобл. — 19.7.1957, Брэст). Паэт. Сябра СП з 1945 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Працаваў па найме на Пружанскім лесапільным заводзе. У 1924 г. уступіў у падпольную камсамольскую арганізацыю, затым у КПЗБ. У 1925 г. за ўдзел у рэвалюцыйным руху зняволены ў Пружанскую турму. Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР (1939) абраны старшынёй Шанеўскага сельсавета. Падчас Вялікай Айчыннай вайны — партызан, інструктар Брэсцкага абласнога антыфашысцкага камітэта. У 1944—1946 гг. загадчык аддзела Пружанскага райвыканкама. Пасля заканчэння Рэспубліканскай партыйнай школы пры ЦК КПБ (1948) працаваў у брэсцкай абласной газеце “Заря” (1948—1957), затым у раённай газеце “Заря над Бугом”. Кіраваў абласным літаб’яднаннем. Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1945 г.
Пахаваны на старых Трышынскіх могілках г. Брэста.
Дэбютаваў у друку вершамі ў 1928 г. Друкаваўся ў часопісах “Маланка”, “Літаратурная старонка”, “Асва”, газетах “Наша воля”, “Наша праца”, у Айчынную вайну — у падпольных газетах “Заря”, “За Родину”. Аўтар кніг паэзіі “Ад шчырага сэрца” (Мінск, 1947), “Вершы” (Мінск, 1954). Выдадзеныя зборнікі “Выбранае” (Мінск, 1960), “Вершы” (Мінск, 1973), “А за намі Белавежа” (Мінск, 1984).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 4).