Запруднік Янка (сапр. Вільчыцкі Сяргей Мікалаевіч, 9.8.1926, м. Мір, цяпер Карэліцкі р-н Гродзенскай вобл. — 26.5.2022, Сомерсет, Нью-Джэрсі, ЗША). Гісторык, мемуарыст, журналіст, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч, паэт. Быў ганаровым сябрам СБП.
Падчас Другой сусветнай вайны вучыўся ў гандлёвай школе ў Баранавічах, быў сябрам СБМ, запісаўся ў дапаможную службу Люфтвафэ і апынуўся ў Германіі. Пасля капітуляцыі быў у беларускім лагеры для перамешчаных асобаў у Рэгенсбургу, вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Я. Купалы. У 1948 г. з “Дванаццаткай” выехаў у Вялікабрытанію. Працаваў у вугальных капальнях. Ад 12.03.1948 быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, а таксама ад 1949 г. — сябрам Згуртавання беларускіх камбатантаў. Удзельнічаў у Беларускім хрысціянскім акадэмічным аб’яднанні “Жыццё”. У 1950 г. выехаў на навучанне ў Бельгію. У 1954 г. закончыў гістарычны факультэт Лювенскага ўніверсітэта. У 1954—1957 гг. працаваў у беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленьне” ў Мюнхене, супрацоўнічаў з газетай “Бацькаўшчына”. У 1957 г. выехаў у ЗША, дзе да 1991 г. працаваў у нью-ёркскай беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленьне / Свабода”. У 1981—1995 гг. быў галоўным рэдактарам газеты “Беларус”. У 1969 г. у Калумбійскім універсітэце (Нью-Ёрк) абараніў доктарскую дысертацыю “Палітычная барацьба за Беларусь у царскіх Дзяржаўных думах (1906—1917)”. У 1967—1975 гг. чытаў лекцыі па гісторыі Беларусі ў Куінс-каледжы Нью-Ёркскага ўніверсітэта, а таксама Калумбійскім універсітэце. Уваходзіў у кіраўніцтва Беларуска-Амерыканскага задзіночання і Беларускага інстытута навукі і мастацтва, Прэзідыум Рады БНР, управу Фундацыі імя П. Крэчэўскага.
Пахаваны на могілках царквы Жыровіцкай Божай Маці ў Іст-Брансвіку, Нью-Джэрсі, ЗША.
Пісаў пад псеўданімамі: Сяргей Ясень, Аркадзь Будзіч, Арсень Загорны, Рыгор (Ягор) Ліцьвін, Т. Смаленскі, М. Беластоцкі. Аўтар сотняў артыкулаў па гісторыі Беларусі. Выдаў кнігі: “Паўстаньне на Беларусі 1863 года: «Мужыцкая Праўда» і «Лісты з-пад шыбеніцы» = The 1863 uprising in Byelorussia: “Peasants’ Truth” and “Letters from beneath the Gallows” / Тэксты і камэнтарыі” (разам з Т. Бэрдам, Нью-Ёрк, 1980), “Спадчына бацькоў: “Агледзіны”: да 100-годзьдзя ад нараджэньня Я. Купалы й Я. Коласа” (Нью-Ёрк, 1982), “Belarus: At Crossroads in history” ([New York], 1993; беларуская версія “Беларусь на гістарычных скрыжаваньнях”, Мінск, 1996), “Historical dictionary of Belarus” ([USA], 1998; разам з В. Сіліцкім, 2007), “Дванаццатка: Дакумэнтальная аповесьць аб дванаццаці беларускіх хлапцоў у Нямеччыне, Вялікабрытаніі і Бельгіі (1946—1957 гг.)” (Нью-Ёрк, 2002), “Беларускія фэстывалі і выстаўкі ў Нью Джэрсі: палітычная інфармацыя моваю мастацтва (1948—2011 гг.)” (Нью-Ёрк, 2013), “Па гарачых слядах мінуўшчыны: Мае лісты 1952—1959 гг.: Універсітэт у Бельгіі, газета «Бацькаўшчына», радыё Вызваленне/Свабода ў Мюнхене і Нью-Ёрку” (Мінск, 2015), “Берагу майго зарніцы: паэзія (1946—2017): дзённік (1949―1954)” (Мінск, 2017).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускай фундацыі Крачэўскага (Нью-Ёрк), Александрыйскай бібліятэцы Ратгерскага ўніверсітэта (Нью-Брансвік).