Зан Тамаш (21.12.1796, фальварак Халецкаўшчына, цяпер у складзе в. Старынкі Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 19.7.1855, фальварак Кахачын, цяпер Какоўчына Сенненскага р-на Віцебскай вобл.). Этнограф, драматург.
Нарадзіўся ў сям’і мяшчан-арандатараў. Вучыўся ў парафіяльнай школе мястэчка Узды, Мінскай гімназіі (1807), Маладзечанскай павятовай школе. У 1815 г. паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Каб мець сродкі на жыццё, працаваў гувернёрам. На другі год навучання перавёўся на літаратурны факультэт. У 1817 г. стаў адным з заснавальнікаў Таварыства філаматаў, у 1820 г. стварыў Таварыства прамяністых, рэарганізаванае пазней у Таварыства філарэтаў. У 1823 г. арыштаваны царскімі ўладамі. За арганізацыю падпольных таварыстваў у кастрычніку 1824 г. высланы праз Мінск і Маскву ў Арэнбургскую фартэцыю, адкуль вызвалены 22 лістапада 1825 г. Пасля вызвалення з турмы працаваў хатнім настаўнікам. У 1830 г. залічаны ў Арэнбургскую памежную камісію, а ў 1831 г. прызначаны заснавальнікам музея пры Няплюеўскім ваенным вучылішчы (зараз — Арэнбургскі губернскі гісторыка-краязнаўчы музей). Плённая праца па стварэнні музея і навуковыя доследы былі адзначаны расійскімі ўладамі, 15 снежня 1832 г. расійскі імператар Мікалай I прызначыў Т. Зану статус чыноўніка XIV ранга, што фактычна азначала дараванне ўдзелу ў “справе філаматаў”. У 1834 г. праводзіў даследаванні кіргізскага стэпу, у выніку якіх выявіў дзесяць золатаўтрымальных прыіскаў, а таксама паклады меднай руды. Улічваючы нямалыя заслугі ў вывучэнні прыроды Урала і выяўленні пакладаў золата, у 1837 г. дазволам імператара быў вызвалены з высылкі і вярнуўся ў Санкт-Пецярбург, дзе ўладкаваўся бібліятэкарам у Горны інстытут. У 1839 г. здаў экзамены на атрыманне кваліфікацыі горнага інжынера. Двойчы запрашаўся для выступлення з дакладамі ў Імператарскае Рускае геаграфічнае таварыства. У 1841 г. вярнуўся на радзіму. Пасля Горадні і Вільні некаторы час разам з Янам Чачотам жыў у Далматаўшчыне каля Карэліч, у маёнтку філамата Антонія Вяржбоўскага. Працаваў у Віленскім корпусе горных інжынераў, а праз чатыры гады — інспектарам дзяржаўных маёнткаў на Аршаншчыне і з 1844 г. на Лепельшчыне. У 1845 г. выйшаў у адстаўку. Апошнія дзевяць гадоў жыцця вёў актыўную краязнаўчую і літаратурную работу. Нейкі час жыў у Беніцы, займаўся геалагічнымі даследаваннямі і геалагічнай працай. Пад канец жыцця набыў маёнтак Кахачын (цяпер в. Какоўчына).
Пахаваны на каталіцкіх могілках ў мястэчку Смаляны Аршанскага раёна Віцебскай вобласці. Імем Тамаша Зана названыя араграфічнае ўзвышша на Паўднёвым Урале, вуліца ў Гродна.
Літаратурнай дзейнасцю займаўся з 1816 г. Пісаў на польскай мове. Аўтар кніг “Tryolety i wiersze miłosne” (Warszawa, 1922), “Z wygnania” (Wilno, 1929), “Ballady” (Warszawa, 1932), паэм “Табакерка” (1818), “Цыганка” (1820), “Свіцязь-возера” (1820), камедыі “Грэчаскія піражкі” (1817, пастаўлена ў 1830[39]), сатырычных твораў. У беларускім перакладзе тэксты друкаваліся ў зборніку “Філаматы і філарэты” (Мінск, 1998).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Дзяржаўным гістарычным архіве Літвы (фонд 1135: Таварыства прыяцеляў навук у Вільні).