Васілеўскі Пятро Савельевіч (15.5.1922, в. Сямёнаўка, Клімавіцкі р-н Магілёўскай вобл. — 24.2.2002, Мінск). Празаік, драматург, сцэнарыст. Сябра СП з 1954 г.
Пасля заканчэння Журавіцкай дзесяцігодкі (1940) быў прызваны ў Савецкую Армію. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны браў удзел у баях на Карэльскім фронце. З 1942 г. карэспандэнт армейскай газеты “Сталинский боец”. Быў двойчы паранены. У 1944 г. дэмабілізаваны, з 1945 г. працаваў у рэдакцыі газеты “Сталинская молодежь”, у 1946 г. накіраваны ў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ. У 1947 г. паступіў у школу-студыю МХАТа і ў той жа год перайшоў на рэжысёрскі факультэт Усесаюзнага інстытута кінематаграфіі (скончыў у 1953). У 1953—1988 г. працаваў рэжысёрам на кінастудыі “Беларусьфільм”. Сябра СП СССР з 1954 г. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Пісаў на беларускай і рускай мовах. Першыя апавяданні апублікаваў у 1942 г. у вайсковых газетах. У 1956 г. у Мінску выйшла першая кніга — аповесць “Новый день”. Выйшлі кнігі “Первопуток” (1958), “Красота человеческая” (Минск, 1980), “Вечные молодожены” (Минск, 1987). Працаваў пераважна ў галіне драматургіі. Аўтар п’ес “Год дзевяцьсот семнаццаты” (“Год здзяйсненняў”, апубліквана і пастаўлена ў 1967), “Чалавек вярнуўся” (1961, пастаўлена ў 1959), “Любоў, Надзея, Вера…” (Мінск, 1962, пастаўлена ў 1960), “Странный дом” (апублікавана і пастаўлена ў 1962), “Твой заўтрашні дзень” (Мінск, 1968; пастаўлена ў 1967). У 1968 г. у Мінску выйшаў зборнік п’ес “Твой заўтрашні дзень”, у 1984 г. — “Образ жизни”. Як рэжысёр, сцэнарыст браў удзел у стварэнні мастацкіх і дакументальных кінафільмаў “Беларускі канцэрт”, “Дзеці партызана”, “Строгая жанчына”, “Апавяданні аб юнацтве”, “Палеская легенда”, “Рагаты бастыён”, “Выкрыццё”, “Беларусь сёння”, “Крокі ў заўтра”, тэлефільма аб жыцці і творчасці Якуба Коласа “Жывіце даўжэй, хлопцы” і інш.