Вальтар Віктар Бенядзіктавіч (псеўд. Янка Палын, 28.7.1902, Дзвінск, цяпер Даўгаўпілс, Латвія — 14.4.1931, Даўгаўпілс, Латвія). Празаік.
Нарадзіўся ў сям’і краўца. У часы 1-й сусветнай вайны разам з сям’ёй быў бежанцам. Вучыўся ў Харкаўскім рэальным вучылішчы, па вяртанні на радзіму ў 1921 годзе — у Даўгаўпілскай урадавай рускай гімназіі. У жніўні 1922 года скончыў Беларускія дзяржаўныя аднагадовыя настаўніцкія курсы. Пры падтрымцы беларускай дыяспары (найперш Кастанціна Езавітава і Сяргея Сахарава) стаў стыпендыянтам чэшскага ўраду і трапіў у Прагу, дзе паступіў на каморніцкі факультэт Чэшскага вышэйшага тэхнікума. Праз тры гады захварэў на сухоты і, не скончыўшы вучобы, вярнуўся на радзіму. У 1926—1931 гадах працаваў у беларускіх школах Латвіі: у Плейках, Келаве, Даўгаўпілсе. З 1930 года быў дырэктарам Дадатковай беларускай школы ў Рызе.
Пахаваны на каталіцкіх могілках Даўгаўпілса, Латвія.
Дэбютаваў у 1923 г. нарысам “Аднабочнікі”, які пад псеўданімам Янка Палын быў надрукаваны ў ковенскім часопісе “Крывіч” (№ 4, 5). У 1924 г. у пражскай газеце “Студэнцкая думка” апублікаваў абразок “Песня гладыятараў”. Быў актыўным супрацоўнікам газеты “Голас беларуса”, апублікаваў вершы у калектыўным зборніку “Першы крок” (Рыга, 1926), альманаху “Замежная Беларусь”, часопісах “Родныя гоні”, “Наша доля” і “Новы шлях”. У 1930 г. газета “Наша доля” апублікавала яго апавяданне “З-за сена”, а ў 1932 г. пад назвай “Леснікова сена” яно выйшла асобнай кнігай ў Рызе. Напісаны ў 1920-я гг. раман “Роджаныя пад Сатурнам” быў апублікаваны толькі ў 1991—1992 гг. у газеце “Голас Радзімы”. У 2009 г. у выдавецтве “Кнігазбор” у Мінску выйшлі “Выбраныя творы”.