Іваноў Анатоль

Іваноў Анатоль Васільевіч (28.11.1914, с. Зямлянск, Сямілукскі р-н Варонежскай вобл., Расія) — 18.8.1996, Бабруйск, Магілёўская вобл.). Празаік. Сябра СП з 1954 г.

Нарадзіўся ў сям’і каваля. У 1932 г. закончыў аднагадовыя курсы па падрыхтоўцы ў вышэйшыя навучальныя ўстановы і паступіў у Варонежскі медыцынскі інстытут. Пасля заканчэння яго ў 1937 г. — ваенны лекар. Служыў на Далёкім Усходзе. Удзельнічаў у 1938 г. у баях ля возера Хасан, у 1945 г. — у разгроме японскай Квантунскай арміі. З 1946 г. служыў у Беларускай ваеннай акрузе. У 1963 г. дэмабілізаваўся, жыў у Бабруйску. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, двума ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі. Сябра СП СССР з 1954 г.

Пахаваны ў Бабруйску (?).

Дэбютаваў у друку ў 1933 г. у інстытуцкай шматтыражцы. Пісаў на рускай мове. Аўтар рамана “На Дальнем Востоке” (Минск, 1954), аповесці “Под нами цель” (Минск, 1962), зборніка апавяданняў “Как Хома рассмеялся” (Минск, 1994).