Голуб Юрка (Юры) Уладзіміравіч (20.10.1947, в. Горна, Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл. — 12.10.2020, Гродна). Паэт. Сябра СП з 1971 г.
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1970) працаваў рэдактарам на Гродзенскай студыі тэлебачання. З 1978 г. загадчык аддзела культуры абласной газеты “Гродзенская праўда”, з 1979 г. загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гродзенскага абласнога тэлерадыё. Сябра СП СССР з 1971 г. Цягам 10 гадоў узначальваў Гродзенскую абласную філію СБП.
Пахаваны на могілках в. Горна Зэльвенскага раёна Гродзенскай вобласці.
Друкавацца пачаў у раённым друку ў 1963 г., у рэспубліканскім — у 1965 г. Выдаў зборнікі паэзіі “Гром на зялёнае голле” (Мінск, 1969), “Дрэва навальніцы” (Мінск, 1973), “Векапомнае поле” (Мінск, 1976), “Помню пра цябе” (Мінск, 1983), “Сын небасхілу” (Мінск, 1989), “Поруч з дажджом” (Мінск, 2001), “Зажураны камень” (Мінск, 2002), “Брама зімы” (Мінск, 2004), “Багра” (Мінск, 2006). Аўтар кніг для дзяцей “У бары грыбы бяры” (Мінск, 1986), “Птушыны радавод” (Мінск, 2016), “Краявід” (Гродна, 2017). Да 75-годдзя пісьменніка ў Мінску ў 2022 г. выдалі зборнік яго паэзіі, эсэ, артыкулаў, эпісталярыяў “Дыханне трыснягоў”. Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Аркадзя Куляшова.