Гародня Алесь, сапр. Функ Аляксандр Эраставіч (8.1.1899 Перм, Расія — 12.9.1944, Самаркандская вобл., Узбекістан). Празаік, крытык.
Нарадзіўся ў сям’і нямецкага памешчыка. У 1917 г. пераехаў у Маскву на вучобу. Далучыўся да мясцовай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады. Працаваў тэхнічным рэдактарам часопіса “Чырвоная Беларусь” (пачатак 1930). 15 чэрвеня 1931 г. асуджаны да зняволення па абвінавачанні ў нацыянал-дэмакратызме, этапаваны ў Беламорска-Балтыйскі канцлагер НКУС Карэла-Фінскай ССР (ст. Мядзьведжая Гара). Вызвалены ў 1934 г. Паўторна арыштаваны 30 лістапада 1935 г., сасланы ў Самаркандскую вобласць (Узбекская ССР). 19 снежня 1942 г. прыгавораны да расстрэлу. Прысуд заменены 10 гадамі пазбаўленьня волі.
Памёр у зняволенні ў Самаркандскай вобласці, Узбекістан.
Друкавацца пачаў у 1925 г. у часопісе “Полымя”. Сябра “Літаратурнай камуны”, пазней “Маладняка”. Аўтар аповесцей “На крэсах” (Мінск, 1927), “Варта на Рэйне” (Мінск, 1930, 2021).