Галубок Эдуард Уладзіслававіч (псеўд. Э. Горскі; 1906, Мінск — 1943). Крытык, тэатразнаўца.
Сын драматурга і рэжысёра Уладзіслава Галубка (1882—1937). Закончыў у 1930 г. Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, у 1934 г. — аспірантуру пры АН БССР. У 1931—1933 гг. у Інстытуце літаратуры і мастацтва, у 1934—1941 гг. малодшы навуковы супрацоўнік аддзела этнаграфіі і фальклору ў Інстытуце гісторыі АН БССР. Пасля арышту бацькі ў 1937 г. застаўся без працы, але праз некаторы час вярнуўся ў інстытут. Падрыхтаваў да абароны дысертацыю па беларускай драматургіі. У 1939 г. знаходзіўся ў складзе навукова-даследчай экспедыцыі АН БССР, якая працавала ў радзівілаўскім замку ў Нясвіжы. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў на фронце, знік без вестак у 1943 г..
Дата смерці і месца пахавання невядомыя.
Друкавацца пачаў у сярэдзіне 1920-х гг. Выступаў як літаратурны і тэатральны крытык, публікаваўся ў шматлікіх часопісах. Даследаваў беларускую літаратуру, найперш драматургію, беларускі фальклор. Быў адным з аўтараў зборнікаў “Драматургія” (Менск, 1934), “Пісьменнік і мова” (Менск, 1934). Склаў зборнікі “Дарэвалюцыйная і савецкая Беларусь у народнай творчасці” (Менск, 1938), “Беларускі народ супраць папоў і рэлігіі” (Менск, 1939, з А. Калечыцам), “Жанчына ў беларускай народнай творчасці” (Мінск, 1940, з А. Калечыцам і Н. Багдановіч).