Дзмітрыеў Генадзь Рыгоравіч (нар. 18.10.1943, в. Злыднікі, цяпер Першамайка Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл.). Пісьменнік. Сябра СП з 1979 г.
Пасля заканчэння Бычыхінскай сярэдняй школы (1959) працаваў загадчыкам клуба рабочай моладзі на Бычыхінскім ільнозаводзе, рабочым на будоўлі ў Мінску. Вучыўся на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1961—1964, закончыў завочна ў 1970), служыў у Савецкай Арміі (1964—1967). У 1967—1974 гг. настаўнічаў у Варанчанскай сярэдняй школе Карэліцкага раёна. З 1974 г. карэспандэнт-арганізатар, затым намеснік дырэктара, а з 1988 г. дырэктар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры СП БССР. З 1999 г. працаваў намеснікам галоўнага рэдактара часопіса “Полымя”. Сябра СП СССР з 1979 г. Узнагароджаны медалём.
Першы верш надрукаваў у езярышчанскай раённай газеце “Калгасная вёска” ў 1959 г., у наступным годзе вершы з’явіліся ў рэспубліканскім друку (газета “Чырвоная змена” і інш.). Аўтар зборнікаў вершаў “Гарады на далонях” (Мінск, 1974), “Азярыны” (Мінск, 1980), прозы “На скразняках лёсу” (Мінск, 2009) і кнігі для дзяцей “Птушка Сінязорка” (Мінск, 1976).