Давыдоўскі Уладзімір Міхайлавіч (Нар. 16.3.1964, Мінск). Пісьменнік, журналіст, музыка. Уваходзіў у сябры СБП.
Закончыў Мінскую мастацкую вучэльню імя Глебава (1984) і аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1995). Адзін з заснавальнікаў музычнага гурта “Мроя”, які пакінуў у 1989 г. У 1992 г. стварыў гурт “Вялікае Княства” і запісаў музычны праект “Голас Дажджу”. Працаваў мастаком-дызайнерам у АН БССР, вядучым праграм радыёстанцыі “Беларуская маладзёжная” і Радыё Рацыя, журналістам Радыё Свабода і намеснікам галоўнага рэдактара тыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. Лаўрэат IX конкурсу імя Ежы Гедройца Польскага Інстытута за лепшую журналісцкую працу ў сродках масавай інфармацыі за 2008 г. на тэму польска-беларускіх адносін у галіне культуры, навукі і мастацтва.
Пачаў друкавацца ў беларускіх газетах і часопісах як аўтар навэл. З сярэдзіны 1990-х працаваў у жанры класічнага дэтэктыва.