Дабулявічус Андрус (19.7.1896, маёнтак Паровея, цяпер Біржайскі р-н, Літва — 10.6.1938, Магадан, ГУЛАГ). Паэт. Сябра літоўскай секцыі СП Беларусі з 1935 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі служыў у Чырвонай Арміі. Вучыўся ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду імя Ю.Мархлеўскага (1922—1925), Акадэміі камуністычнага выхавання імя Н.Крупскай (закончыў у 1931 г.), затым у Інстытуце чырвонай прафесуры ў Маскве. У 1927—1928 гт. сакратар Аршанскага райкама КПБ, у 1934 г. працаваў у палітаддзелах МТС на Меншчыне. З 1935 г. у Менску, выкладчык на курсах дырэктараў прамысловых прадпрыемстваў, кіраўнік літоўскай секцыі Белдзяржвыдавецтва. Сябра літоўскай секцыі СП БССР з 1935 г. У жніўні 1937 г. арыштаваны, асуджаны да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў.
Памёр у адным з лагероў Магадану, РФ. Месца пахавання невядомае.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1922 г. Аўтар зборніка паэзіі “Mano tėvynė” (“Мая радзіма”) (Мінск, 1936). Пад такой самай назвай выйшаў зборнік выбраных твораў паэта (Вільня, 1960). Выступаў і як публіцыст.