Быліна Янка (сапр. Семашкевіч Іван, 30.10.1883, в. Лакцяны, цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл. — 18.2.1956, в. Бомбля, Падляскае ваяв., Польшча). Пісьменнік-нашанівец, рыма-каталіцкі святар.
Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1907), тады ж пасвечаны ў святары. Служыў у касцёлах на Слонімшчыне, Вілейшчыне, Ашмяншчыне, Віленшчыне. З 1933 г. служыў на Беласточчыне. За ўжыванне беларускай мовы ў казаннях пераследаваўся польскімі ўладамі. Арыштоўваўся НКВД у верасні 1939 г. Апошнія гады жыцця правёў на Беласточчыне.
Пахаваны на касцельных могілках в. Бомбля, Падляскае ваяводства, Польшча.
Друкаваўся з 1917 г. у газеце “Гоман”, перыядычных выданнях Заходняй Беларусі. Аўтар зборнікаў паэзіі “На прызьбе” (Вільня, 1918, 1924), “На покуці” (Вільня, 1934), камедыі “Выбар старшыні” (Вільня, 1926, 1938), рэлігійных твораў “Ружанец да Найсвяцейшай Дзевы Марыі” (Вільня, 1928), “Песьні жальбы або набожныя разважанні аб муках смерці Збаўцы Езуса Хрыста” (Вільня, 1929), “Дарога крыжа” (Вільня, 1930).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21. Віленскі беларускі фонд)