Бугаёў Дзмітрый Якаўлевіч (12.1.1929, в. Сычык, Крычаўскі р-н Магілёўскай вобл. — 28.12.2017, Мінск). Крытык, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1961 г.
У 1945—1948 гг. вучыўся ў Магілеўскай педагагічнай вучэльні. Працаваў настаўнікам у Крытышынскай сямігадовай школе Іванаўскага раёна і адначасова займаўся на факультэце мовы і літаратуры Магілеўскага педагагічнага інстытута. У 1949 г. перавёўся на стацыянарнае аддзяленне гэтага інстытута і скон-чыў яго ў 1952 г. Пасля вучыўся ў аспірантуры пры Мінскім педагагічным інстытуце (1952—1955), выкладаў беларускую літаратуру ў Мазырскім педагагічным інстытуце (1955—1959), быў навуковым супрацоўнікам Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1959—1964). З 1964 г. дацэнт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук, прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1961 г.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Пачаў выступаць у друку з літаратуразнаўчымі і крытычнымі артыкуламі ў 1957 г. Выйшлі кнігі “Шчодрае сэрца пісьменніка” (Мінск, 1963), “Паэзія Максіма Танка” (Мінск, 1964, 2003), “Уладзімір Дубоўка” (Мінск, 1965), “Максім Гарэцкі” (Мінск, 1968, 2003), “Шматграннасць” (Мінск, 1970), “Зброяй сатыры, зброяй праўды” (Мінск, 1971, 2004), “Вернасць прызванню: Творчая індывідуальнасць Івана Мележа” (Мінск, 1977), “Талент і праца” (Мінск, 1979), “Чалавечнасць” (Мінск, 1985), “Васіль Быкаў” (Мінск, 1987), “Арганічнасць таленту” (Мінск, 1989), “Праўда і мужнасць таленту” (Мінск, 1995), “Спавядальнае слова” (Мінск, 2001), “Служэнне Беларусі” (Мінск, 2003), “Уладзімір Дубоўка: кніга пра паэта” (Мінск, 2005), “Жыццём ідучы: з гісторыі беларускай літаратуры і літаратурнай крытыкі” (Мінск, 2013). Удзельнічаў у стварэнні “Гісторыі беларускай савецкай літаратуры” (1964—1966). Адзін з аўтараў і рэдактараў вучэбнага дапаможніка для студэнтаў універсітэта “Беларуская савецкая літаратура” (ч. 1 — 1981, ч. 2 — 1982). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1984).