Блажэнны Веніямін

Блажэнны (Айзенштадт) Веніямін Міхайлавіч (15.10.1921, Копысь, цяпер Аршанскі р-н Віцебскай вобл. — 31.07.1999, Мінск). Паэт.

Вучыўся ў школах Віцебска. У 1941 г. пасля першага курса Віцебскага настаўніцкага інстытута апынуўся ў эвакуацыі ў Багародску (Горкаўская вобл. Расіі). Быў прызнаны нягодным для вайсковай службы, таму працаваў настаўнікам гісторыі ў школах Багародскага, Кстоўскага і Сямёнаўскага раёнаў Горкаўскай (цяпер Ніжагародскай) вобласці Расіі. У 1946 г. вярнуўся ў Мінск, працаваў пераплётчыкам, чарцёжнікам, мастаком камбіната бытавых паслуг. Як інвалід 2-й групы працаваў фатографам-лабарантам у арцелі інвалідаў імя Кірава, потым карэктарам машынапіснага цэха. Ліставаўся з Б. Пастэрнакам, В. Шклоўскім, А. Таркоўскім. У 1975 г. звольніўся з працы па стане здароўя. З 1981 г. — пенсіянер па старасці.

Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Літаратурнай дзейнасцю займаўся ад 1940 г. Пісаў на рускай мове. Першыя вершы датуюцца 1943 г., першая публікацыя — 1982 г. Друкаваўся ў мінскіх, маскоўскіх, рыжскіх перыёдыках. Аўтар кніг “Возвращение к душе” (Москва, 1990), “Слух сердца” (Минск, 1990), “Сораспятье” (Минск, 1995), “Стихотворения. 1943—1997” (Москва, 1998). Пасля смерці паэта выйшлі “Скитальцы духа” (Минск, 2000), “Моими очами” (Москва, 2005), “Верлибры” (Минск, 2011).