Блакіт Валянцін

Блакіт (Болтач) Валянцін Уладзіміравіч (7.10.1938, в. Вострава, Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл. — 7.12.2007, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1981 г.

Пасля заканчэння Скідзельскай сярэдняй школы (1956) быў прыняты на працу літсупрацоўнікам у рэдакцыю шчучынскай раённай газеты “Чырвоны сцяг”. У 1957—1960 гг. служыў у Савецкай Арміі. У 1966 г. скончыў завочна Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Працаваў у шчучынскай, затым у жалудокскай раённай газеце “За Радзіму” (1962), у міжраённай газеце “Савецкая вёска” (Шчучын), у 1963—1967 гг. — адказным сакратаром воранаўскай раённай газеты “Ленинское знамя”, у 1967—1968 гг. — уласным карэспандэнтам абласной газеты “Гродзенская праўда”. З 1968 г. загадчык сектара друку, радыё і тэлебачання, у 1971—1972 і 1974—1978 гг. намеснік загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі Гродзенскага абкама КПБ. У 1974 г. скончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПСС у Маскве. У 1978—1987 гг. працаваў загадчыкам сектара тэлебачання і радыё ЦК КПБ. З 1987 г. галоўны рэдактар часопіса “Вожык”. Сябра СП СССР з 1981 г.

Пахаваны на могілках “Калодзішчы”.

Вершы і нататкі публікаваў яшчэ ў школьныя гады ў раённай і абласной газетах. Першае апавяданне надрукавана ў 1960 г. (часопіс “Вожык”). Аўтар зборніка гумарыстычных апавяданняў “Вынаходнік” (Мінск, 1974), аповесцей “Час прылёту журавоў” (Мінск, 1979), “Шануй імя сваё” (Мінск, 1981; па-руску, Москва, 1985, 1988), “Усмешка Фартуны” (Мінск, 1984), “Вырай” (Мінск, 1986), “Аповесці” (Мінск, 1988).