Бечык Варлен Леанідавіч (25.6.1939, в. Астрашыцкі Гарадок, Мінскі р-н Мінскай вобл. — 13.11.1985, Мінск). Крытык. Сябра СП з 1971 г.
Пасля заканчэння філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1960) выкладаў беларускую і рускую мову і літаратуру ў Пліскай сярэдняй школе Смалявіцкага раёна. У 1962—1966 гг. аспірант кафедры беларускай літаратуры БДУ. З 1966 па 1971 гг. літсупрацоўнік рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва” і часопіса “Неман”. З 1972 г. навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. З 1981 г. намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1971 г.
Пахаваны ў в. Прылукі, Мінскі р-н, Мінская вобл.
Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1959.г. Выйшлі яго кнігі літаратурна-крытычных артыкулаў “Свет жывы і блізкі” (Мінск, 1974), “Прад высокаю красою” (Мінск, 1984), кніга пра паэзію А.Куляшова “Шлях да акіяна” (Мінск, 1981). Адзін з аўтараў “Истории белорусской советской литературы” (Минск, 1977). У сааўтарстве з М.Ярошам выдаў манаграфію “Беларуская савецкая лірыка” (Мінск, 1979). Напісаў брашуру, прысвечаную памяці беларускіх паэтаў, якія загінулі на Вялікай Айчыннай вайне “Радзіме — радок і жыццё” (1986). Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1987, пасмяротна). Пасля смерці выйшлі кнігі: “Выбранае” (Мінск, 1989), “Радкі і жыццё: Старонкі дзённіка” (Мінск, 1993).