Барскі Алесь (сапр. Аляксандр Баршчэўскі, 2.11.1930, в. Бандары, Беластоцкае ваяв. Польшчы — 28.3.2022, Варшава, Польшча). Паэт, літаратуразнаўца.
Скончыў аддзяленне рускай філалогіі філалагічнага факультэта Лодзінскага ўніверсітэта (1955). З 1956 г. працаваў на кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта, з 1975 г. загадчык гэтай кафедры. У 1959—1980 гг. старшыня праўлення Беларускага літаратурнага аб’яднання “Белавежа”. З 1984 г. старшыня Галоўнага праўлення Беларускага грамадска-культурнага таварыства ў Польшчы. Доктар філалагічных навук. Сябра Саюза польскіх пісьменнікаў з 1962 г. Узнагароджаны ордэнамі Залаты крыж Адраджэння Польшчы, Кавалерскі крыж Адраджэння Польшчы і медалямі.
Пахаваны ў в. Бандары, гміна Міхалова, Беласточчына.
Упершыню выступіў у друку ў 1956 г. у газеце “Ніва” (Беласток). Выдаў зборнікі вершаў “Белавежскія матывы” (Беласток, 1962), “Жнівень слоў” (Беласток, 1967), “Мой бераг” (Менск, 1975), “Блізкасць далёкага” (Беласток, 1983), “Лірычны пульс” (Менск, 1987), “Nostalgie” (Bialystok, 1999), “І толькі ў мове роднай буду вечны…” (Варшава, 2015), зборнік артыкулаў і дарожных нататак “З пабачанага і перажытара” (Мінск, 1992), Аўтар універсітэцкіх падручнікаў па гісторыі беларускай літаратуры, навуковых кніг “Białoruska obrzędowość i folklor wschodniej Białostocczyzny” (Bialystok, 1990), “Ignacy Dworczanin — bialoruski polityk і uczony” (з А.Бергман, Е.Тамашэўскім, Warszawa, 1990), “Творцы беларускага літаратурнага руху ў Польшчы, 1958—1998” (Мінск, 2001), “Беларуская эміграцыйная пісьмовасць” (Варшава, 2004) У 2011 г. у Мінску ў серыі “Беларускі кнігазбор” пабачыў свет зборнік Выбраных твораў. Перакладаў на польскую мову зборнікі беларускіх і ўкраінскіх казак, паэзіі.