Баршчэўскі Ян (1796, в. Мурагі, цяпер Расонскі р-н Віцебскай вобл. — 12.3.1851, Чуднаў, Украіна), празаік, паэт.
Скончыў Полацкі езуіцкі калегіюм (каля 1816), працаваў настаўнікам і гувернёрам, падарожнічаў па Беларусі, збіраў фальклор. У сярэдзіне 1920-х гг. прыехаў у Санкт-Пецярбург, дзе выкладаў грэчаскую і лацінскую мову ў некалькіх установах і сам вывучаў старажытную літаратуру. Выконваючы даручэнні марскога ведамства, пабываў у Францыі, Вялікабрытаніі, Фінляндыі. Пазнаёміўся з А. Міцкевічам і Т. Шаўчэнкам. У 1840—1844 г. разам з іншымі сябрамі літаратурнага гуртка займаўся выданнем альманаха “Niezabudka” на польскай мове. Каля 1846 г. на запрашэнне польскага пісьменніка Генрыха Жавускага пераехаў у Чуднаў на Валыні. Пасяліўся ў доме графіні Ю. Жавускай. У канцы 1840-х гг. захварэў на сухоты.
Пахаваны на парафіяльных могілках касцёла ў Чуднаве, Жытомірская вобл., Украіна.
Пачаў пісаць вершы яшчэ ў часе навучання ў Полацкім езуіцкім калегіюме. Пісаў па-польску і па-беларуску. Публікаваўся на старонках перыёдыкаў “Niezabudka”, “Rocznik Literacki”, “Athenaeum”. У 1944—1946 гг. выдаў свой галоўны твор — кнігу “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях” (4 тамы, на польскай мове).