Бахарэвіч Альгерд (сапр. Бахарэвіч Алег Іванавіч) (нар. 31.01.1975, Мінск). Празаік, паэт, перакладчык.
Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта (1997). З першага курса ўдзельнічаў у літаратурным аб’яднанні “Крыніцы” пры газеце “Чырвоная змена”, друкаваўся ў часопісе “Першацвет”. Працаваў настаўнікам, журналістам. Быў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання “Бум-Бам-Літ”. У 2007—2013 гг. жыў у Гамбургу, у 2013—2020 гг. — у Мінску. З 2020 г. жыве ў замежжы. У 2006—2012 гг. быў сябрам СБП. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра.
Першыя тэксты апублікаваў у 1993 г. У 1993—2000 гг. быў вакалістам і аўтарам тэкстаў панк-гурта “Правакацыя”. Першы празаічны твор выйшаў у 2001 г. альманаху “Калосьсе”. Аўтар кніг “Практычны дапаможнік па руйнаваньні гарадоў” (Санкт-Пецярбург — Вільнюс, 2002), “Натуральная афарбоўка” (Менск, 2003), “Ніякай літасьці Валянціне Г.” (Мінск, 2006), “Праклятыя госьці сталіцы” (Мінск, 2008), “Сарока на шыбеніцы” (2009, па-нямецку, Leipzig, 2010), “Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча” (Радыё Свабода, 2011), “Гамбурскі рахунак Бахарэвіча” (Радыё Свабода, 2012), “Шабаны. Гісторыя аднаго зьнікненьня” (Мінск, 2012, 2015), “Каляндар Бахарэвіча” (Радыё Свабода, 2014), “Ніякай літасьці Альгерду Б.” (Мінск, 2014), “Дзеці Аліндаркі” (2014; па-французску, 2018), “Бэзавы і чорны” (Мінск, 2016), “Белая муха, забойца мужчын” (Мінск, 2015; па-руску, Минск, 2017), “Сабакі Эўропы” (2017), “Мае дзесяностыя”(2018), “Бэрлін, Парыж і гэтая вёска” (2019), “Апошняя кніга пана А.” (Менск—Прага, 2020), “Тэатр шчасьлівых дзяцей” (2021), “Плошча Перамогі” (2021), “Яны ўжо прайгралі” (Бэрлін, 2021), “Вершы” (Прага, 2022), “Ператрус у музеі” (Варшава, 2023), “Хлопчык і сьнег” (Варшава, 2023). Пераклаў кнігі Грэгара Зандэра, Вільгельма Гаўфа, Катрын Шміт. Лаўрэат прэміі “Гліняны Вялес” (2002), “Залатая літара” (2015), прэміі “Кніга году” (2015, 2018), прэміі Эрвіна Піскатара (Нямеччына, 2021).