Багушэвіч Юрый (22.4(5.5.).1917, Ворша, цяпер Віцебская вобл. — 18.3.1983, Мінск). Празаік, драматург. Сябра СП з 1954 г.
Скончыў факультэт мовы і літаратуры Мінскага педагагічнага інстытута (1941). Адначасова працаваў у газеце “Сталинская молодежь”. У час Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў дзеючай арміі на Калінінскім і Беларускім франтах, з 1943 г. — ваенны карэспандэнт. З 1945 г. — у вайсковай газеце на Далёкім Усходзе (Карэя, Кітай). Пасля дэмабілізацыі (1949) працаваў у рэдакцыях газет “Піянер Беларусі”, “Мінская праўда”, “Фізкультурнік Беларусі”, быў карэспандэнтам газеты “Советский спорт”, літкансультантам СП БССР, галоўным рэдактарам Мінскай кінастудыі навукова-папулярных і дакументальных фільмаў. Сябра СП СССР з 1954 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі, у тым ліку медалём КНДР.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Першыя творы апублікаваў у 1938 г. Пісаў пераважна на рускай мове. Выйшлі аповесці “Побратимы” (Минск, 1955), “Дерево дружбы” (Минск, 1959), “Повести и рассказы” (Минск, 1970), “В городке над Неманом” (Минск, 1973), “Дырэктар «зялёнай школы»” (Мінск, 1975), “Юность пришла” (Минск, 1977, 1987). Браў удзел у напісанні гісторыі заводаў станкабудаўнічага і Мінскага аўтамабільнага. Напісаў некалькі сцэнарыяў кароткаметражных кінафільмаў, у сааўтарстве з В.Зубам — п’есу “Сябры” (Мінск, 1960, пастаўлена ў 1958).