Бабкоў Ігар Міхайлавіч (нар. 2.6.1964, Гомель). Паэт, празаік, філосаф. Сябра СБП.
Скончыў аддзяленне філасофіі гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1986). У канцы 1980-х гг. быў сябрам літаратурных суполак “Бабілён” і “Тутэйшыя”. Браў удзел у аднаўленні газеты “Наша Ніва” ў пачатку 1990-х гг., быў адным з заснавальнікаў Беларускага Калегіюма. Выдаваў і рэдагаваў часопіс “Фрагмэнты”. Працуе ў Інстытуце філасофіі НАН Беларусі, займаецца сучаснай посткаланіяльнай тэорыяй і гісторыяй філасофіі. У 2003 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму “Філасофія Яна Снядэцкага і станаўленне познеасветніцкай рацыянальнасці ў Беларусі і Літве (першая трэць XIX стагоддзя)” і атрымаў навуковую ступень кандыдата філасофскіх навук. Сябра Беларускага ПЭН-Цэнтра.
Аўтар вершаў, апавяданняў, эсэ, а таксама тэкстаў да песень гурта “Новае Неба”. Выдаў кнігі паэзіі “Solus Rex” (Мінск, 1992), “Герой вайны за празрыстасць” (Мінск, 1998), “Засынаць, прачынацца, слухаць галасы рыб” (Мінск, 2009), кнігі прозы “Адам Клакоцкі і ягоныя цені” (Менск, 2001, 2012; па-польску: 2008), “Філязофія Яна Сьнядэцкага” (Мінск, 2002), “Каралеўства Беларусь. Вытлумачэньне ру[і]наў” (Менск, 2005; па-польску: Wrocław, 2008; па-вугорску: Budapest, 2018), “Хвілінка. Тры гісторыі” (Мінск, 2013), “Хвілінка. Другая кніга” (Вільня, 2017). Лаўрэат прэміі “Гліняны Вялес” (1993), прэміі “Залатая літара” (2005), прэміі “Залаты апостраф” (2011), прэміі імя Ежы Гедройца (2014).