Астравец Сяргей Аляксандравіч (сапр. Астраўцоў, нар. 11.4.1959, Мінск). Празаік, эсэіст. Сябра СБП з 1998 г.
Школьныя гады правёў з бацькамі ў прыгарадах Берліна (Нямеччына), затым — у Літве. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1984). З 1984 г. жыве ў Гродне. У 1992—1993 гг. рэдагаваў газету “Пагоня”, затым быў рэгіянальным карэспандэнтам газет “Свабода”, “Навіны”, “Наша Свабода”. З 1993 г. супрацоўнічаў з Радыё Свабода. У 2007—2010 гг. вёў свой блог “Праз гарадзенскія акуляры” на сайце газеты “Наша Ніва”. У 2011—2012 гг. — блог “Дзённік пісьменніка” на сайце Радыё Свабода. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларускага ПЭН-Цэнтра (1999). Адно з першых апавяданняў, “Нямко”, выйшла ў зборніку таварыства “Тутэйшыя”. Аўтар кніг “Янычары” (Мінск, 1993), “Цэнзарскія нажніцы” (Гродна—Беласток, 2000), “Лісты да хома саветыкуса” (2003), “Кактэйль Молатава” (2006), “Каты Ёзэфа Ратчынгера” (Вільня, 2009), “Райскія яблычкі” (эл. выданне, 2012), “Жалезная заслона з арнаментам” (эл. выданне, 2012), “Саргасава мора” (Мінск, 2016), “Спадар Свабода: жыцьцё і сьмерць Ігара Герменчука” (Радыё Свабода, 2020). Лаўрэат літаратурнай прэміі “Гліняны Вялес” (2000).