Асташонак Алесь Мікалаевіч (1.6.1954, Мінск — 7.9.2004, Мінск). Празаік, перакладчык.
Скончыў перакладчыцкі факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута замежных моў (1976). Працаваў перакладчыкам на будоўлі металургічнага камбіната ў пасёлку Эль-Хаджар (Алжыр). У 1978—1979 гг. служыў у Савецкай Арміі, у 1980—1981 гг. інспектар дэканата па працы з замежнымі навучэнцамі і выкладчык французскай мовы Беларускага політэхнічнага інстытута. У 1981—1982 гг. выхавацель у тэхнічнай навучальні будаўнікоў № 31. У 1982—1984 гг. рэдактар рэпертуарна-рэдакцыйнай калегіі Упраўлення тэатраў і музычных устаноў Міністэрства культуры БССР. У 1984—1986 гг. рэдактар у Беларускай Савецкай Энцыклапедыі імя П.Броўкі. З 1988 г. працаваў старшым рэдактарам часопіса “Крыніца” (“Родник”). Сябра СП СССР з 1986 г.
Пахаваны на Кальварыйскіх могілках Мінска (калумбарый).
Друкавацца пачаў у 1981 г. Аўтар кніг прозы “Фарбы душы” (Мінск, 1989), “Жоўты колер белага снегу” (Мінск, 2006) п’ес “Іскры ўначы” (пастаўлена ў 1982, апублікавана ў 1986), “Камедыянт, ці Узнёсласць сумнай надзеі” (пастаўлена ў 1984, апублікавана ў 1985), сцэнарыяў тэлевізійных мастацкіх фільмаў “Камедыянт” (1987), “Сон” (кароткаметражны паводле ўласнага апавядання “Чарга”, 1989; прыз Саюза кінематаграфістаў СССР на XIII Усесаюзным фестывалі тэлевізійных фільмаў, 1989; першае месца ў конкурсе ў рамках Тыдня міжнароднага кіно ў Тэруэлі, 1989, Гішпанія). Перакладаў з французскай, ангельскай, летувіскай моў.