Асіпенка Алесь Харытонавіч (7.9.1919, в. Пушкары, Віцебскі р-н Віцебскай вобл. — 6.8.1994, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1957 г.
У 1939—1940 гг. вучыўся на гістарычным факультэце Віцебскага педагагічнага інстытута, потым настаўнічаў у Рудаках пад Віцебскам. У 1942 г. партызан, памочнік камісара па камсамолу партызанскага атрада № 7 брыгады Аляксея Данукалава на Віцебшчыне. У снежні 1942 г. адпраўлены за лінію фронту — лячыўся ў шпіталі, вучыўся ў школе партызанскага руху, на партыйна-савецкіх курсах. У 1943 г. накіраваны на камсамольскую работу ў Горацкі раён Магілеўскай вобласці. З 1944 г. карэспандэнт, літсупрацоўнік, загадчык аддзела, намеснік рэдактара, з 1952 г. рэдактар газеты “Чырвоная змена”. У 1955 г. завочна скончыў Мінскі педагагічны інстытут. У 1953—1972 гг. працаваў загадчыкам аддзела, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара, галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”. У 1972—1976 гг. галоўны рэдактар сцэнарнага аддзела кінастудыі “Беларусьфільм”, у 1976—1980 гг. галоўны рэдактар штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. Сябра СП СССР з 1957 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступені, двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны” і медалямі. Заслужаны работнік культуры БССР (1979).
Пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска.
Першае апавяданне надрукаваў у 1945 г. Выйшлі ў свет зборнікі апавяданняў і аповесцей “Лёд растае” (Мінск, 1958), “Подых кветак і працы” (Мінск, 1960), “Дарога ў даль” (Мінск, 1962), “Крокі” (Мінск. 1971), “Парогі” (Мінск, 1973), “Абжыты кут” (Мінск, 1964; па-украінску: Киів, 1966; па-руску: Минск, 1975), “Жыта” (Мінск, 1968, па-руску, Минск, 1975), “Белый камень” (Москва, 1974), “Канец бабінага лета” (Мінск, 1975), “Два дні і дзве ночы” (Мінск, 1977), “Пяцёра адважных” (Мінск, 1985, па-руску: Минск, 1990), раманы “Вогненны азімут” (Мінск, 1966, па-руску: Москва, 1967, 1969), “Непрыкаяны маладзік” (Мінск, 1974, поўнае выданне ў 1982; па-руску: Москва, 1975), “Святыя грэшнікі” (Мінск, 1988, 1997), “Лабірынты страху” (Мінск, 1992). У 1979 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1989—1990 гг. — у 3 тамах. Пасля смерці аўтара пабачыў свет трыптых аповесцяў “Знікненне ў барвовай імгле” (Мінск, 1995), зборнік апавяданняў і аповесцяў “Францужанка” (Мінск, 2018). Пісаў сцэнары для мастацкіх фільмаў. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1974) літаратурнай прэміі імя І.Мележа (1981).