Аношкін Іван Архіпавіч (21.1.1928, в. Антонаўка, Чавускі р-н Магілеўскай вобл. — 3.2.2013, Магілёў). Празаік. Сябра СП з 1965 г.
Скончыў Суражскую педагагічную вучэльню (1947). Працаваў выхавацелем Далісіцкага дзіцячага дома на Браншчыне, адказным сакратаром рэдакцыі суражскай раённай газеты “Маяк коммуны”. У 1948 г. пераехаў на Берасцейшчыну, дзе працаваў загадчыкам Мышчыцкай пачатковай школы Жабінкаўскага раёна, адказным сакратаром рэдакцыі жабінкаўскай раённай газеты “Ленинский путь”, карэспандэнтам абласной газеты “Заря”. У 1956 г. скончыў Рэспубліканскую партыйную школу пры ЦК КПБ, у 1964 г. — завочна гістарычны факультэт Магілеўскага педінстытута. Рэдагаваў чэрыкаўскую раённую газету “Сацыялістычная перамога”. З 1959 г. літсупрацоўнік, з 1968 г. загадчык аддзела абласной газеты “Магілёўская праўда”, а з 1981 г. — сакратар Магілеўскага абласнога аддзялення СП БССР. Сябра СП СССР з 1965 г.
Пахаваны на паўднёва-усходніх могілках Магілёва.
Літаратурнай працай займаўся з 1951 г. Першую кніжку апавяданняў і гумарэсак “Лішні мінус” выдаў у 1959 г. Затым выйшлі зборнікі “Старыя знаёмыя” (Мінск, 1963), “Брантазаўр” (Мінск, 1973), “Компас паказвае на захад” (Мінск, 1976), “Землякі” (Мінск, 1979), “Херувім з чорнымі крыламі” (Мінск, 1984), “Курам не да смеху” (Мінск, 1985), “Чырвоная каліна стаяла…” (Мінск, 1985), “Каханне з памялом” (Магілёў, 2007). Аўтар кніг для дзяцей “Навічок” (Мінск, 1966), “Алёнчын сакрэт” (Мінск, 1969), “Антонаў ясень” (Мінск, 1981), “Гори наш костер” (Москва, 1989), “Дзве дзяўчынкі, дзве Ірынкі” (Мінск, 1992).