Александровіч Андрэй

Александровіч Андрэй Іванавіч (9(22).1.1906, Мінск — 6.1.1963, Мінск). Паэт, перакладчык. Сябра СП з 1934 г.

Пасля заканчэння Беларускага педагагічнага тэхнікума (1925) працаваў рэдактарам акруговай газеты “Наш працаўнік”. У 1925—1930 гг. вучыўся на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адначасова рэдагаваў часопіс “Малады араты”. Адзін з арганізатараў літаратурнага аб’яднання “Маладняк”. З 1932 г. намеснік старшыні аргкамітэта, у 1934—1937 гг. намеснік старшыні праўлення СП БССР. Браў удзел у падрыхтоўцы рэформы правапісу беларускай мовы (1933). Абіраўся сябрам ЦВК БССР. У 1938 г. быў рэпрэсаваны. Тэрмін адбываў на Крайняй Поўначы, працаваў на будаўніцтве Нарыльскага металургічнага камбіната. З 1947 г. літсупрацоўнік шматтыражнай газеты Мінскага трактарнага завода, з 1948 г. брыгадзір “Белтрактарабуда”. У 1949—1955 гг. — у ссылцы ў Краснаярскім краі. Пасля рэабілітацыі (1955) жыў у Мінску, друкаваў новыя творы і кнігі. Абіраўся член-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. Сябра СП СССР з 1934 г.

Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.

Першы верш апублікаваў у 1921 г. Выйшлі зборнік вершаў “Камсамольская нота” (з А.Вольным, Менск, 1924), зборнік апавяданняў “Сутарэнне” (Менск, 1925), а таксама раман “Ваўчаняты” (з А.Вольным і А.Дударом, Менск, 1925). Аўтар зборнікаў паэзіі “Па беларускім бруку” (Менск, 1925), “Прозалаць” (Менск, 1926), “Угрунь” (Менск, 1927), “Фабрыка смерці” (Менск, 1929), “Устаноўка” (Менск, 1930), “Гудкі” (Менск, 1930), “Вершы і паэмы” (Менск, 1931), “Нараджэнне чалавека” (Менск, 1931), “Узброеныя песні” (Менск, 1936), “Вершы” (Мінск, 1970), “Галубінае крыло” (Мінск, 1976), паэмаў “Цені на сонцы” (Менск, 1930), “Паэма імя Вызвалення” (Менск, 1930), “Напор” (Менск, 1933). Аўтар кніг для дзяцей “Рыбак” (Менск, 1928), “Горад раніцой” (Менск, 1930), “Калыханка” (Менск, 1930), “Хлопчык і певень” (Менск, 1930), “Як дзеці памагалі будаваць самалёт” (Менск, 1931), “Шчаслівая дарога” (Менск, 1935), “Казка пра пана Жываглота” (Менск, 1935), “Падарунак дзеткам-малалеткам” (Менск, 1936, 1973) і інш. Выйшлі Выбраныя творы (Менск, 1934), “Выбранае” (Мінск, 1958), Збор твораў у 2 тамах (Мінск, 1981). Пераклаў на беларускую мову “Інтэрнацыянал”, паэму А.Пушкіна “Руслан і Людміла” (1938), шэраг твораў рускіх, украінскіх, літоўскіх паэтаў і празаікаў.

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 97).