Акула Кастусь

Акула Кастусь (сапр. Качан Аляксандр Ігнатавіч, іншы псеўд. Міхась Козыр; (16.11.1925, в. Верацеі, цяпер Докшыцкі р-н Віцебскай вобл. — 29.1.2008, Таронта, Канада). Празаік, драматург, выдавец. Ганаровы сябра СБП.

Падчас нямецкай акупацыі скончыў настаўніцкія курсы ў Глыбокім і настаўнічаў у в. Порплішча (Докшыцкі р-н). Ад вясны 1944 г. — курсант Мінскай афіцэрскай школы БКА, разам з навучэнцамі якой улетку 1944 г. пакінуў Беларусь. Быў далучаны да 30-й дывізіі СС Зыглінга, перайшоў на бок саюзнікаў, у складзе Другога польскага корпуса ваяваў супраць нацыстаў. Быў узнагароджаны залатой “Зоркай Італіі”, брытанскім “Ваенным медалём”. У 1946—1947 гг. жыў у Вялікабрытаніі. Сябра Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі. У чэрвені 1947 г. пераехаў у Канаду. Адзін з заснавальнікаў Згуртавання беларусаў Канады, першы яго старшыня. Жыў у Таронта. У 1948—1954 гг. рэдагаваў газету “Беларускі эмігрант”. У 1974—1997 гг. выдаваў часопіс беларускіх вайскоўцаў “Зважай”. У 1992 г. прыязджаў у Мінск.

Пахаваны на могілках Пайн Хілс у Таронта, Канада.

Аўтар раманаў “Змагарныя дарогі” (Мюнхэн, 1962; Мінск, 1994), “Гараватка” (Таронта, 1965—1981), “Tomorrow is Yesterday” (Toronto, 1968; па-беларуску, Мінск, 2008), “За волю” (Таронта, 1991), зборнікаў “Усякая ўсячына” (Таронта, 1984), “Россыпы” (Мінск, 2005). Лаўрэат прэміі імя Ф. Багушэвіча (1995) за раман “Змагарныя дарогі”.

Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Нацыянальным архіве Канады, Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія), а таксама былі перададзены ў Цэнтр беларускіх даследаванняў Паўднёва-Заходняга ўніверсітэта ў Канзасе.