Адважны Вінцук

Адважны Вінцук (сапр. Язэп Станіслававіч Германовіч, 4.3.1890, в. Гальшаны, цяпер Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.12.1978, Лондан, Вялікабрытанія). Паэт, празаік, мемуарыст.

Вучыўся ў гарадской школе ў Ашмянах, а потым — у Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі, якую скончыў у 1913 г. і атрымаў святарскія свячэнні. Служыў на Беласточчыне. У 1920 г. перабраўся ў Слонімскі павет, а ў 1924 г. уступіў у ордэн марыянаў. Пераехаў у Друю, выкладаў закон Божы і лацінскую мову ў друйскай гімназіі. Друкаваўся ў беларускіх выданнях “Крыніца”, “Хрысьціянская думка”. Ад 1932 г. працаваў у Харбіне ва Усходняй місіі. У 1936 г. вярнуўся ў Вільню, дзе стаў кіраваць Домам марыянаў, аднак у 1938 г., пасля закрыцця ўстановы, зноў праз Рым выехаў у Харбін. У 1948 г. быў арыштаваны кітайскімі камуністычнымі ўладамі і выдадзены Саветам, асуджаны на 25 гадоў прымусовых работ. Адбываў пакаранне ў лагерах Сібіры. Па вызваленні ў 1955 г. выехаў у Польшчу, адтуль у 1959 г. пераехаў у Рым і далей у Вялікабрытанію. Пасяліўся ў Лондане ў Марыян Хаўзе. Ад 1962 г. быў цягам некалькі гадоў дырэктарам школы-інтэрната Св. Кірылы Тураўскага. У 1964 г. аднавіў выданне рэлігійна-грамадскага часопіса “Божым шляхам”, рэдактарам якога заставаўся амаль да смерці.

Пахаваны на могілках св. Панкрата ў Лондане, Вялікабрытанія.

Літаратурную дзейнасць пачаў у 1920-х. Пісаў вершы, байкі, апавяданні. Аўтар кніг “Jak Kaziuk sabraŭsia da spowiedzi” (Wilnia, 1928; Полацк, 2011), “Казюкова жанімства” (Вільня, 1929), “Адам і Анелька” (Вільня, 1931), “Betlejka” (Wilnia, 1932; Мінск, 1993), “Kaniok-Harbuniok: (pawodle baśni Jeršowa)” (Wilnia, 1932), “Беларускія цымбалы” (Вільня, 1933), “Chłapiec” (Wilnia, 1935), “Hanuliny kłopaty” (Wilnia, 1935), “Kazka ab rybaku i rybcy” (Wilnia, 1935), “Dobramu i Boh pamahaje” (Wilnia, 1939), “Князь і лапаць” (Лёндан, 1964), “Байкі і іншыя вершы” (Лёндан,1973). Выдаў вершаваны пераклад “Pakutnyja psalmy” (Roma, 1964). У 2011 г. у Мінску ў серыі “Беларускі кнігазбор” выйшаў том “Выбраных твораў”. Аўтар успамінаў “Кітай — Сыбір — Масква” (Мюнхэн, 1962), якія былі перакладзены і выдадзены на шасці мовах. Дакументы з асабістага архіва захоўваецца ў Беларускай бібліятэцы імя Ф. Скарыны ў Лондане (Вялікабрытанія).