Абуховіч Міхал

Абуховіч Міхал Лявон (1630 — 16.10.1668, Наваградак, цяпер Гродзенская вобл.). Мемуарыст, дзяржаўны дзеяч ВКЛ.

Нарадзіўся ў шляхецкай сям’і П.К.Абуховіча. Закончыў філасофскі факультэт Віленскай акадэміі. У час вучобы пісаў панегірычныя вершы. Служыў пры двары караля Яна Казіміра Вазы. У 1650 i 1653 гг. быў каралеўскім дыпламатычным паслом у Маскве. У 1656 г. удзельнічаў у бітвах супраць шведаў пад Варшавай. Пасля смерці бацькі камандаваў яго палком. Атрымаў ад караля маёнткі Цырын (цяпер Карэліцкі р-н) і Гожу (Гродзенскі р-н). У адным з баёў захапіў частку архіва Я. i Б. Радзівілаў. 21.1.1660 у бітве з рускімі войскамі пад камандаваннем князя П.Хаванскага атрад М.Л.Абуховіча быў разбіты, а сам ён узяты ў палон i вывезены ў Маскву. Праз два гады яго абмянялі на 6 рускіх военачальнікаў. У 1662 г. М.Л.Абуховіч заняў пасаду мазырскага, у 1665 г. наваградскага падкаморага. У 1665 i 1666 гг. ездзіў да караля Рэчы Паспалітай як пасол ад велікакняжацкага войска. У 1668 г. прызначаны стражнікам войска Вялікага Княства Літоўскага. У той жа год захварэў у Дорагаве (цяпер Карэліцкі р-н) i пасля працяглай хваробы памёр.

Пахаваны ў езуіцкім касцёле ў Наваградку. Аўтар двух дыярыушаў на польскай мове. Першы ахоплівае 1660—1662 гг. і прысвечаны маскоўскаму палону. Другі — 1663—1665 гг. — распавядае пра ваенны паход на Севершчыну. Дыярыушы былі ўпершыню апублікаваныя М. Баліньскім у кнізе “Pamiętniki historzczne: do wyjaśnienia spraw publicznych w Polsce XVII wieku posługujące…” (Wilno, 1859). Па-беларуску выдадзеныя ў зборніку “Дыярыушы XVII стагоддзя (1594―1707 гады)” (Мінск, 2016).