Аблажэй Алег Іванавіч (6.05.1954, в. Лезнявічы, Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобл. — 18.05.2016, Вільнюс, Літва). Паэт, празаік, мастак, дзеяч беларускай дыяспары ў Літве. Уваходзіў у сябры СБП.
Закончыў Віцебскі педагагічны інстытут (1977), Вільнюскі дзяржаўны мастацкі інстытут (1985). Вядомы як мастак, займаўся жывапісам, акварэллю, ілюстраваў кнігі. У 1984—1986 гг. у Літве была выдадзена серыя канвертаў з партрэтамі літоўскіх дзячаў, аформленая А. Аблажэем, а таксама серыя паштовак. У Беларусі ў яго афармленні выйшлі зборнікі В. Жуковіча “Гуканне вясны”, Д. Бічэль-Загнетавай “Гараднічанка”, Л. Рублеўскай “Замак месячнага сяйва” і інш., у Маскве — “Шведскія казкі”, творы Э.Хэмінгуэя, “Сербская паэзія”, у Вільнюсе — “Казка пра Султана” і інш. Быў мастацкім рэдактарам газеты “Рунь”, для якой таксама пісаў фельетоны. Працаваў мастацкім афарміцелям дзіцячага часопіса “Лола”. Маляваў партрэты вядомых дзеячаў, краявіды, жанчын ў фантастычных строях і інш. Працы выстаўляліся ў Літве, Польшчы, Германіі, Эстоніі, Латвіі, Беларусі, ЗША.
Браў удзел у дзейнасці “Саюдзіса”, быў сябрам рады Таварыства беларускай культуры ў Літве, удзельнікам суполкі мастакоў краін Балтыі “Маю гонар”. Узнагароджаны літоўскім медалём “За падзеі 13-га студзеня”.
Пахаваны ў вёсцы Лезнявічы, Дзятлаўскі раён Гродзенскай вобласці. Аўтар і ілюстратар кніг “Сем казак пра каралеўнаў” (“Siedem bajek o królewnach”, Warszawa, 1997), “Красамоўнае сэрца” (Мінск, 2015).