Андраюк Серафім Антонавіч (10.3.1933, в. Градзялі, Бельскі пав. Беластоцкага ваяв., Польшча — 4.4.2022, Мінск). Крытык, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1972 г.
У 1945 г. разам з бацькамі пераехаў у вёску Бербашы Карэліцкага раёна Гарадзенскай вобласці. Скончыў аддзяленне беларускай мовы і літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1957). Працаваў выкладчыкам у Крываносаўскай сярэдняй школе Старадарожскага раёна Менскай вобласці. У 1965 г. скончыў аспірантуру пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1966—1981 гг. навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1981 г. галоўны рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Кандыдат філалагічных навук. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1994). Сябра СП СССР з 1972 г.
Памёр і пахаваны ў Мінску.
Выступаў у друку як крытык і літаратуразнавец з 1964 г. Выдаў манаграфіі “Жыццё. Літаратура. Героі” (Мінск, 1973), “Традыцыі і сучаснасць” (Мінск, 1981), зборнікі крытычных артыкулаў “Вывяраючы жыццём” (Мінск, 1976), “Жыць чалавекам” (Мінск, 1983), “А жыцьцё вышэй за ўсё” (Мінск, 1992), “Пісьменнікі. Кнігі” (Мінск, 2008), нарыс творчасці І.Пташнікава “Чалавек на зямлі” (Мінск, 1988), успаміны “Старонкі на захадзе сонца” (Беласток, 2016). Лаўрэат Літаратурнай прэміі СП БССР імя І.Мележа (1984, за кнігу “Жыць чалавекам”).