У літоўскай вёсцы Сужаны (Sužionys) на Віленшчыне знайшлі магілу беларускага паэта і фалькларыста нашаніўскага перыяду Старога Уласа. Пахаванне патрабуе аднаўлення, піша даследчык-архівіст Зміцер Юркевіч.
Зміцер Юркевіч тлумачыць, што праблема пошуку магілы Уладзіслава Сівіцкага (які пісаў пад псеўданімам Стары Улас) была абцяжарана зменамі краявіду (старыя дрэвы спрэс павыціналі). Але дапамгла мясцовая жыхарка, якая ад дзяржавы даглядае частку могілак і ахвотна давяла чалавека, які прыехаў на пошукі, ажно да самой магілы, прабіваючы дарогу праз снягі.
“Дарэчы, там жа, на могілках пахаваны астравецкі дэкан Юзаф Інгялевіч (1897-1973), які быў парафіяльным ксяндзом у Сужанах. Яго там таксама лічаць беларускім”, — заўважае даследчык.
Могілкі ў Сужанах на Google Maps.
Паэт, публіцыст, этнограф Стары Улас (сапраўднае імя Уладзіслаў Пятровіч Сівы-Сівіцкі) нарадзіўся 10 (22) сакавіка 1865 года ў Валожыне ў сялянскай каталіцкай сям’і. Асірацеў у 9 гадоў, быў узяты пад апеку цёткай Юзэфай Амяльянскай. У больш дарослым узросце пайшоў працаваць памочнікам кухара да графа Тышкевіча, пазней стаў кухарам. Сістэмнай асветы не атрымаў, пісьменнасці яго навучыў выпускнік Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі Зяновіч, чалавек ліберальна-дэмакратычных поглядаў. Авалодаў расійскай і польскай граматай, пісаў па-беларуску лацінкай. З 1909 года пачаў друкавацца ў “Нашай Ніве”.
Ва ўзросце каля 20 гадоў Стары Улас быў аб’ездчыкам, потым ляснічым у графа Тышкевіча. Жонка Антаніна з Вайцяхоўскіх, у пары было 8 дзяцей (4 хлопчыкі і 4 дзяўчынкі). У сваім валожынскім доме адкрыў беларускамоўную школу. У 1914 годзе паводле службы быў пераведзены ў Варняны (цяпер Астравецкі раён). Пазней пераехаў з сям’ёй у Вільню. У 1920 годзе пераехаў у вёску Сужаны на Віленшчыне, дзе працаваў у маёнтку ляснічым. У 1922 годзе гэтыя землі афіцыйна адышлі да Польшчы. У 1934 годзе пераехаў у суседнія з Сужанамі Шашэльгішкі, дзе атрымаў зямлю ад Тышкевіча за доўгую службу, займаўся земляробствам. Памёр ад запалення лёгкіх у Шашэльгішках 30 верасня 1939 года. Цяпер дакладна вядома, што пахаваны на могілках у Сужанах.
Публікаваў свае вершы і вершаваныя апавяданні ў беларускіх дарэвалюцыйных і заходнебеларускіх календарах і перыёдыцы. Аўтар парадыйна-сатырычнага апавядання “Тры злодзеі” (1912), паэмы “Год беларуса” (1911[ ці 1910). На творчасці адчуваецца ўплыў фальклёрных традыцый.
Шэраг вершаў надрукаваны ў «Анталогіі беларускай паэзіі» (1961), зборніку «Беларуская дакастрычніцкая паэзія» (1969). У 1990 годзе выйшла кніга вершаў і публіцыстыкі “Год беларуса”. Рукапісы захоўваюцца ў архівах Беларусі, Літвы, Польшчы.