“Тэхналогія” надрукавала беларускага і славацкага класікаў

Выдавецтва “Тэхналогія” пад канец году ўжо выпусціла некалькі кніг і анансавала шэраг навінак. Цяпер на сайце можна замовіць дзвюхмоўнае выданне “Krvave sonety = Крывавыя санеты” Павала Орсага Гвездаслава ў перакладзе Міхася Скоблы і збор твораў Івана Чыгрынава ў 5 тамах і многае іншае.

“Krvave sonety = Крывавыя санеты” — гэта антываенны цыкл славацкага паэта Павала Орсага Гвездаслава (1849–1921) напісаны ў 1914 годзе і прысвечаны жахам і бедствам, якія прынесла еўрапейскім народам Першая сусветная вайна. 32 санеты сталі ўзорам стаўлення да тэмы вайны ў славацкай паэзіі часоў Другой сусветнай вайны. Вайна для Гвездаслава не прыватны гістарычны выпадак, а сусветная катастрофа. Тэксты публікуюцца на славацкай мове з паралельным перакладам на беларускую.

Таксама праз сайт выдавецтва і ў кнігарні ў Менску (вул. Ляўкова, 19) можна купіць поўны збор твораў класіка беларускай літаратуры Івана Чыгрынава ў 5 тамах.

“[Маюць з’явіцца] суперцікавыя ўспаміны — «Шчанячыя гады» Мельхіёра Ваньковіча і «Заменены час» Марыі Чапскай па-беларуску. І яшчэ нямала сюрпрызаў для кніжных гурманаў…” абяцаюць у выдавецтве і заклікаюць дапамагчы “разгрузіць” склады перад Новым годам.

Кнігі таксама прадаюцца ва ўсіх цэнтральных кнігарнях сталіцы і краіны.