Стваральнікі навігатара па беларускіх аўдыякнігах Audiobooks.by падзяліліся з “Нашай Нівай” тым, якія з аўдыякніг, запісаных іхнай камандай, слухаюць часцей за іншыя.
На гэты момант на сайце сабраныя спасылкі на 585 кніг з сайтаў «Кніжны Воз», «Беларуская палічка», «Камунікат», «Радыё Свабода», «Беларускі ПЭН-цэнтр», «Мінінфарм Рэспублікі Беларусь», а таксама ёсць кнігі ва ўласнай агучцы. На сайце ёсць творы класікаў, сучасных аўтараў, а таксама аўдыякнігі для дзяцей, таму кожны зможа знайсці нешта на свой густ.
Сярод кніг, агучаных самім праектам па-беларуску і выкладзеных бясплатна, нечакана па праслухоўваннях лідзіруе кніга «Кароткая гісторыя Беларусі» Алеся Краўцэвіча. У ёй на працягу 2 гадзін голасам Уладзіміра Лісоўскага распавядаецца гісторыя беларускай зямлі ад з’яўлення славян у V-VI стст. да абвяшчэння незалежнасці ў 1991 года. Найважнейшыя з’явы і падзеі беларускай гісторыі пераказаныя літаратурнай мовай у лагічнай сістэмнай і храналагічнай паслядоўнасці.
А вось на другім месцы чакана аказалася вечная класіка — прыгодніцкая аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча, агучаная купалаўцам Алегам Гарбузам. Галоўны герой выпадкова становіцца сведкам злавеснага прывіду дзікага палявання з далёкага мінулага, які трымае ў страху людзей.
Замыкае тройку бясплатных кніг няскончаная аповесць Васіля Быкава «Бліндаж», напісаная ў 1987 годзе. Упершыню яна была апублікаваная ў 2006 годзе на старонках часопіса «Дзеяслоў», а выдадзеная ў 2007-м у Бібліятэчцы таго ж часопіса. Кніга агучаная Ігарам Дзянісавым і выдадзена Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў.
Сярод платных беларускіх кніг першае месца па праслухоўваннях займае кніга «Мая школа» Ганны Севярынец, у якой аповед вядзецца ад імя «русіцы» з сярэдняй школы ў выдуманым горадзе.
Трымаецца ў лідарах і «Апошняя кніга пана А.» Альгерда Бахарэвіча. Яна складаецца з 30 казак, якія распавядае купцу-выдаўцу пісьменнік, што трапіў у даўгі. Кніга была выдадзена ў 2020 годзе і цяпер на тэрыторыі Беларусі лічыцца экстрэмісцкім матэрыялам.
Трэцяе месца сярод платных аўдыякніг здабыў яшчэ адзін твор Севярынец — раман «Дзень Святога Патрыка», выдадзены ў 2018 годзе ў выдавецтве «Янушкевіч». Кніга апавядае пра Марыну Дамейку, экспертку міжнароднай моўнай камісіі, якая прымае рашэнне прызнаць беларускую мову мёртвай. Яна сутыкаецца з праблемай, што захаваць з беларускага мастацтва ў спецыяльным архіве, а што назаўжды выкінуць.
Як прызнаюцца самі стваральнікі сайта, беларусы вельмі мала купляюць кніг. Найбольш іх набываюць беларусы замежжа — з ЗША, Польшчы і Канады, толькі пасля ідуць беларусы ў Беларусі.
Гэта тлумачыцца ў першую чаргу недаступнасцю ў краіне такіх шырокавядомых платных сэрвісаў, як Google Play Books, Spotify, Apple, да таго ж накладаюцца пытанні бяспекі датычна некаторых дзеянняў з Беларусі. Стваральнікі сайта адзначаюць, што гэтую сітуацыю трэба неяк выпраўляць, бо ўсё ж большасць беларусаў застаецца на радзіме.
Што цікава, найбольш папулярнымі аўдыякнігамі на сайце аказаліся зусім не беларускамоўныя творы, а расійскамоўныя. Гэта два курсы Лятучага ўніверсітэта «PR: як будаваць камунікацыю ў публічнай прасторы» Ірыны Сідорскай і «Сучасная медыя-прастора. Як трапіць у сваю аўдыторыю» Галіны Малішэўскай. Гэтыя кнігі ніяк адмыслова не рэкламавалі па-за беларускімі каналамі, але колькасць спамповак у 2-3 разы большая за беларускамоўныя кнігі. Большасць спамповак прыпадае на Расію.