7 снежня адзначае 95-годдзе Радзім Гарэцкі – геолаг, акадэмік НАН Беларусі, мемуарыст, сын Гаўрылы Гарэцкага, пляменнік класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага.
Шчыра віншуем Радзіма Гаўрылавіча, зычым сіл, моцнага здароўя, міру ды спакою ў доме!
У 1930-я гады ягоны бацька трапіў пад рэпрэсіі, сям’я жыла ў высылцы. Радзім Гарэцкі вучыўся ў Коле, Туломе, Мядзведжагорску, Рыбінску, Запарожжы, Салікамску, Чусавым, Чкалаўску і інш. Закончыў Маскоўскі нафтавы інстытут (1952). У 1952—1971 гадах працаваў у Геалагічным інстытуце Акадэміі навук СССР. У 1971 годзе нарэшце вярнуўся ў Менск. Стварыў у Інстытуце геахіміі і геафізікі АН БССР аддзел агульнай і рэгіянальнай тэктонікі. З 1977 года дырэктар гэтага інстытута, старшыня камісіі па тэктоніцы Беларусі і Прыбалтыкі. З 1990 года сябра Рады, з 1993 года прэзідэнт Згуртавання беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Сябра рады Таварыства беларускай мовы, Беларускага фонду культуры. Аўтар мноства навуковых прац.
Аўтар кніг “Ахвярую сваім “Я” (Максім і Гаўрыла Гарэцкія)” (Мінск, 1998), “Браты Гарэцкія” (Мінск, 2008), “Акадэмік Гаўрыла Гарэцкі і Україна” (Мінск, 2009), прысвечаных лёсу сваіх блізкіх. Выдаў кнігі артыкулаў, інтэрв’ю, замалёвак “Шляхам адраджэння” (Мінск, 1997), “Вечна жыве Беларусь!” (Мінск, 2003), публіцыстычных артыкулаў, лірычных замалёвак, мініяцюр і эсэ “Жыццёвы меланж” (Мінск, 2013), “Апантаны Бацькаўшчынай. Жыццёвы меланж-2” (Мінск, 2018), эпісталярыяў “Лісты жыцця і кахання” (Мінск, 2013), успамінаў “Пра сябе, пра жыццё, пра гісторыю…” (у 2 кн., Мінск, 2020).