Па-беларуску выйшала культавае ізраільскае фэнтэзі

Выдавецтва “Логвінаў” пры падтрымцы амбасады Ізраіля выпусціла кнігу фэнтэзі пісьменніцы Гагар Янай “Скрадальнік лекаў”. Пераклаў з іўрыту Павал Касцюкевіч. “Скрадальнік лекаў” — гэта першая кніга з серыі “Левіятан з Вавілоніі”.

Рэдагаваў беларускі тэкст піьсменнік Валер Гапееў, які выклаў свае ўражанні ад твору ў рэцэнзіі на сайце Bellit.store.

“Дагэтуль у мяне было досыць павярхоўнае знаёмства з шумерскай (месапатамскай) і яўрэйскай міфалогіямі. І перада мной літаральна раскрылася бездань свету, раней не бачанага, народжанага ў калысцы цывілізацыі. Гэта першае, што б я хацеў адзначыць: высокапрафесійнае майстэрства аўтаркі ў яе паглыбленні, адраджэнні і інтэрпрэтацыі адных з самых старажытных міфалогій, злучэнне ў адну сістэму і ажыўленне гэтай сістэмы”, — піша Валер Гапееў і адзначае, што ў творы “абсалютна новыя героі, яны маюць свае ўнікальныя ўласцівасці і жывуць ва ўмовах незвычайных. Іначай кажучы, пра такое нідзе не пісалася, не паказвалася, не гаварылася”.

Таксама, паводле Валера Гапеева, вартая ўвагі праца перакладчыка Паўла Касцюкевіча, які бліскуча справіўся з захаваннем стылю аўтаркі: жывога, меладычнага, часам вясёлага, пры ўсёй сур’ёзнасці і шматслойнасці тэксту.

Аўтарка стварае складаны сусвет з адмысловымі ўнутранымі законамі, твор задае і няпростыя, філасофскія, маральна-этычныя пытанні. Але ўвыніку Валер Гапееў заканчвае развагі словамі: “Гэта проста цікава. Займальна. Захапляльна. Нова і незвычайна”.
(чытаць поўны тэкст рэцэнзіі)