Аўтарка твораў для дзяцей і падлеткаў Надзея Ясмінска выклала ў вольны доступ на сайце Wattpad.com п’есу “Мурмурзік (казка пра незвычайнага коцiка)”, каб усе ахвочыя маглі разыграць спекталь.
Паводле слоў аўтаркі, перарабіць аднайменную кніжку, што выходзіла ў 2022 годзе, у маленькую школьную п’есу яе папрасіла Вольга Сандрыкава, якая займаецца дзіцячымі спектаклямі. Тэкст напісаны так, што ролі выконваць могуць дзеці малодшых класаў.
Надзея Ясмінска вырашыла, што такая п’еса можа быць карыснай іншым тэатральным ініцыятывам для дзетак, таму выклала п’есу ў вольным доступе.
«Кот Клякса! Кот Плакса!» — часта чуў Мурмурзік. Так дражнілі яго за дзіўныя плямкі на поўсці. Бедны коцік праз гэтага нават хацеў стаць нябачным. Можа, калі-небудзь яго жаданне і споўнілася б, але аднойчы ён сустрэў дзяўчынку вельмі падобную на яго…
Загалоўная ілюстрацыя Вольгі Данілюк, якая аформіла папяровае выданне “Мурмурзіка” Надзеі Ясмінскай.