Кніжка паэзіі на аснове замоваў ад Улы Кароткага

Аўтар Ула Кароткі напісаў кнігу вершаў і эсэ пра калектыўныя практыкі дапамогі і паэзію з назвай “ласачка-босачка”. Тэксты кнігі спрабуюць выйсці за межы кансервацыі беларускіх замоў. Кніга выходзіць у Беларусі і ў Еўразвязе 24 студзеня.

Бабуля Улы — Баба Маня — жыла ў вёсцы Рухава Старадарожскага раёну і лекавала людзей замовамі. Цягам дзесяці гадоў яна спрабавала перадаць свае веды дочкам ды ўнучкам, але іх пагадзілася запісаць толькі адна Уладава цётка з Масквы. Яны ляжалі на палічцы ў нататніку больш за 20 гадоў. Год таму аўтар атрымаў тэксты сваёй прабабулі, але з забаронай іх публікацыі ад сям’і. Некаторыя тлумачылі гэта страхам за здароўе ў будучыні, некаторыя павагай да “старажытнай традыцыі”.

“Я атрымаў ад цёці тані дзясятак запісаных замоў. Адчуваў што гэтыя тэксты большыя за мяне што найлепшае, што я магу з імі зрабіць, гэта падзяліць іх з тымі, хто паспрабуе разам са мной разабрацца, як яны працуюць. Так прыйшла ідэя рабіць калектыўныя чытанні гэтых тэкстаў. З мадэратарам-аўтарам і яшчэ двума паэтамі і паэткамі. Падчас іх мы збіраліся на анлайн сузвоны з аўтарамі і аўтаркамі і разам калектыўна чыталі запісаныя замовы маёй Бабы Мані. Раз за разам. Зноў і зноў”, — піша аўтар у першым эсэ.

У стварэнні замоўных вершаў паўдзельнічалі пісьменніцы й пісьменнікі з рознымі стылямі і накірункамі ў тым ліку Тоні Лашдэн, Ганна Комар, Цімур Кудзеліч, Слава Кміт, Вікця Удовіна (і як аўтарка, і як рэдактарка). Усяго ў зіне прадстаўлена 15 замоўных тэкстаў і тры эсэ Улы. Першае — пра сам эскперымент, другое пра ідэю прызначэння, трэцяе пра тое, як савецкая палітыка паўплывала на вёску Рухава, дзе жыла мая Баба Маня і якое месца ў культуры памяці там займае вада.

Заказаць кніжку ў Беларусі можна праз форму: forms.gle
У іншых краінах Еўропы праз Ko-fi.com