Фонд Kamunikat.org адкрыў інтэрнэт-кнігарню Kamunikat.shop. Цяпер на адмысловым сайце можна рабіць замовы на ўсе кнігі, выдадзеныя фондам, а таксама — на кнігі партнёрскіх выдавецкіх ініцыятываў.
На сайце Kamunikat.shop, сярод іншага, можна замовіць манументальную кнігу “(Не)расстраляныя”, усе 12 кніг Уладзіміра Арлова і новыя кнігі Барыса Пятровіча “Ад жыцця прачнуцца… Фрэскі розных гадоў” ды Змітра Бартосіка “Забіць упалмінзага”. Таксама можна набыць кнігу Беларускага Гістарычнага Таварыства “Беларусы ў Польскім Войску (1919 – 1947)” аўтарства прафесара Юрыя Грыбоўскага. Таксама з’явіўся новы наклад “Мовы” Віктара Марціновіча.
“Гэта дасканалая магчымасць для нашых кніг трапіць да больш шырокай аўдыторыі ва ўсім свеце, — кажа Яраслаў Іванюк, дырэктар фундацыі Kamunikat.org. — Дагэтуль нашы кнігі прадаваліся ў асноўным на розных кніжных кірмашах з удзелам беларускіх незалежных выдавецтваў, а таксама падчас аўтарскіх сустрэч, арганізаваных фондам і яго партнёрамі. Праўда, мы прадавалі таксама нашы кнігі ў інтэрнэце, але гэта было вельмі па-партызанску… Цяпер гэта будзе больш проста, зручна і сучасна”.
Дырэктар фундацыі Яраслаў Іванюк дзеліцца планамі “Камуніката” выдаць тры кнігі беларускіх класікаў, але пакуль што не раскрывае, якія менавіта гэта будуць кнігі.
На сайце Kamunikat.shop можна замовіць не толькі кнігі, выдадзеныя фондам Kamunikat.org. Ёсць і тыя выданні, якіх з’явіліся пры падтрымцы Фонду ў супрацы з іншымі выдавецкімі ініцыятывамі.