Да 130-годдзя Андрэя Мрыя

13 верасня — 130 гадоў з дня нараджэння легендарнага Андрэя Мрыя (Шашалевіча), аўтара “Запісак Самсона Самасуя”, апавяданняў і навел, краязнаўчых нарысаў, збіральніка прыказак, прымавак і лексікі Краснапольшчыны. Вязня ГУЛАГу і ахвяры сталінскага тэрору.

Сённяшняя наша фотагалерэя — у памяць пра яго.

Андрэй Шашалевіч. 1914 год.

Андрэй Шашалевіч, паводле Вікіпедыі, нарадзіўся 13 верасня 1893 года ў вёсцы Палуж, паводле іншых звестак у вёсцы Доўгавічы Чэрыкаўскага павета Магілёўскай губерні (цяпер Краснапольскі раён, Магілёўская вобласць). Брат драматурга Васіля Шашалевіча. З сям’і валаснога пісара Антона Дзяменцевіча Шашалевіча і Ефрасінні Фамінічны. У сям’і было пяцёра дзяцей: Антаніна, Андрэй, Настасся, Васіль, Аксіння. Бацька памёр у 1902 годзе і маці засталася адна з пяццю дзецьмі (малодшай дачцэ было 2 гады. Андрэй Шашалевіч рана палюбіў музыку, навучыўся іграць на віяланчэлі і разам з братам даваў канцэрты для аднавяскоўцаў.

Скончыў духоўнае вучылішча, у 1914 годзе скончыў Магілёўскую духоўную семінарыю. Працягваў вучобу ў Кіеўскай духоўнай акадэміі. З трэцяга курса ў 1916 годзе мабілізаваны ў школу прапаршчыкаў, вышэйшую адукацыю так і не скончыў. Праз 4 месяцы адпраўлены на фронт у 94-ы Енісейскі полк. У 1918—1921 гадах у Чырвонай Арміі, камандзір 345-й роты 14-га палка. Захварэў на тыф і пасля хваробы накіраваны на Заходні фронт, адкуль у 1921 годзе быў дэмабілізаваны.

Сям’я Шашалевічаў, 1920-я гг. Злева — Андрэй Мрый.

У 1921—1926 гадах настаўнічаў у школе II ступені ў мястэчку Краснаполле (выкладаў гісторыю і французскую мову). У 1923 годзе разам з братам і шваграм яны ствараюць першы ў раёне народны тэатр. Краснаполле было далучанае да БССР у выніку ўзбуйнення рэспублікі 1924 года, пасля чаго Андрэй Мрый актыўна ўключаецца ў беларускі рух, пачынае супрацоўнічаць з часопісам «Наш край» — органам Цэнтральнага бюро краязнаўства. Выдаваў рукапісны часопіс «Пралеска», збіраў народную лексіку, дасылаў яе ў Слоўнікавую камісію Інбелкульта.

Андрэй Шашалевіч у час працы ў Менску. 1930 год.

У жніўні 1926 года выехаў у Менск, дзе паводле прапановы Змітрака Бядулі стаў супрацоўнікам часопіса «Наш край», потым інспектарам Цэнтральнага бюро краязнаўства (1926—1930). 29 траўня 1929 года разам з братам Васілём прыняты ў сябры літаратурнага аб’яднання «Узвышша». З 1933 года і да арышту — стылістычны рэдактар у газеце «Звязда».

Запісы дыялектнай лексікі, атрыманыя ад Андрэя Шашалевіча лексікографам Янкам Бялькевічам (1920-я).

Андрэй Шашалевіч – першы ў пераліку карэспандэнтаў Янкі Бялькевіча, скаладальніка фундаментальнага “Краёвага слоўніка Усходняй Магілёўшчыны”.

Андрэй Шашалевіч, здымак з судовай справы. 1930-я.

У ноч з 21 на 22 лютага 1934 года ў Менску па адрасе Стаўбцоўскі завулак, дом 6, кв. 1 Андрэй Мрый быў арыштаваны па «справе краснапольскіх настаўнікаў»[7]. Асуджаны «тройкай» НКУС 26 сакавіка 1934 года як «член антысавецкай контррэвалюцыйнай арганізацыі і падазроны ў шпіянажы» да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў і этапаваны ў Карагандзінскі лагер. Пасля падачы апеляцыі Генпракурору СССР 21 лістапада 1934 года тэрмін пазбаўлення волі быў зменены на тры гады высылкі ў Волагду, потым у Вельск, дзе працаваў бухгалтарам у леспрамгасе, рыбным кааператыве да снежня 1937 года.

У пачатку 1938 года прыехаў у Мурманск, выкладаў літаратуру ў адной з сярэдніх школ. Зноў арыштаваны 2 чэрвеня 1940 года па новым абвінавачванні за «ўдзел у антысавецкай арганізацыі». У час арышту ўсё створанае ў ссылцы (раман «Жывы дом», аповесці, навелы) было канфіскавана, рукапісы не знойдзены дагэтуль. 13 жніўня 1940 года асуджаны асобай нарадай НКУС СССР да 5 гадоў пазбаўлення волі. Этапаваны ва Усць-Вымскі канцлагер НКУС Комі АССР. 1 сакавіка 1943 года медыцынскай камісіяй прызнаны інвалідам, 23 верасня 1943 года быў вызвалены і адпраўлены паміраць дадому. Паводле некаторых звесткак забіты рэцэдывістамі ў цягніку.

Пасмяротна рэабілітаваны трыбуналам Беларускай ваеннай акругі 15 студзеня 1957 года. Асабовая справа Андрэя Шашалевіча № 10194-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Вокладка часопіса “Узвышша” за 1929 год, дзе ў №3 распачалася публікацыя рамана “Запіскі Самсона Самасуя”.

Вокладка першага кніжнага выдання “Запісак…”, здзейсненага пісьменнікамі беларускай эміграцыі (Мюнхен, 1953).

bellit.info