Берасцейскае вогнішча: Анатоль Шушко

Шчыры. Ёсць такая парода людзей  – ужываю тут слова парода, як ужывалі яе мае бабулі: у вызначэнні людзей з яскравымі асаблівасцямі. Дык вось, Анатоль быў шчыры. Радасна на душы – дзяліўся радасцю, сумна і балюча – не надта хаваў, хоць не помню, каб вінаваціў некага.

Шчыры і непасрэдны ў сяброўскай гамонцы ці сур’ёзнай бяседзе. І нават недзе наіўны, як дзіця. Бачыў, што цікавы некаму ягоны аповед – усё больш ажываў у расказе, абавязкова недзе ўстаўляючы – ды так гарманічна – слоўцы са сваёй мясцовай пінскай гаворкі, і гучалі яны смачна, трапна. Расказвае Анатоль нешта вясёлае – усе вакол усміхаюцца, і нельга было не ўсміхнуцца, гледзячы на самога Анатоля: гэтулькімі пачуццямі свяціўся ягоны твар, голас, нават дыханне рабілася іншым. А як эмацыянальна, як узнёсла чытаў ён свае вершы, наноў перажываючы пачуцці кожнага радка! У аснове гэтай шчырасці ляжаў давер да суразмоўцы, ды нават і такая даверлівасць да людзей, што межавала з дзіцячай. Ён верыў людзям, хацеў ім верыць.

Светлы. Сціплы. З ім побач неяк лягчэй дыхалася. Будзе скруха на душы – апавядзі яму, выгаварыся. Ён умеў адным уздыхам ды дасціпнай прымаўкай з родных ваколіц пасяліць надзею на лепшае. І падзяліць напраўду твой клопат. Колькі помню розных сустрэч, колькі помню віншаванняў калег з іх літаратурнымі здабыткамі, ніколі не пачуў у словах віншавання Анатоля і ценю дзяжурнай абавязковасці – ён насамрэч валодаў выключнай недзе на сённяшні час асаблівасцю радавацца поспехам сяброў. І рабіць гэта без аніякай зайздрасці.

Пра што ён шкадаваў – дык пра тое, што ўсё ніяк не атрымліваецца выдаць сваю другую кнігу паэзіі. І нават саромеўся гэтага: “ Ото ж адну-адзіненькую кніжачку выдаў, дык гадоў ужо колькі прайшло! Сорам казаць, паэт называецца…” Пры ўсім, варта адзначыць, свае здольнасці як паэта Анатоль Шушко разумеў, дый было каму са старэйшых-мудрэйшых гэта заўважыць. І вініў сам сябе менавіта таму: даў Бог талент, а ты рады ў гады вершы пішаш…

Жыццё і творчасць Анатоля Шушко магло б стаць выдатным эпізодам у якім навуковым даследаванні кшталту “КДБ і ягоная роля ў (не)развіцці беларускай паэзіі”. Не смейцеся, але ж так і было. Анатоль Шушко не любіў згадваць гэты эпізод свайго жыцця, ды ён сядзеў у ім балючай стрэмкай, якая ніколі не зажывала…

Нарадзіўся паэт 19 ліпеня 1954 года ў вёсцы Сташаны Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Маці – настаўніца геаграфіі і гісторыі ў школе, адкрыла сыну багацце роднай мовы – яна сама гаварыла на чысцюткай літаратурнай беларускай мове, якая рознілася ад местачковай. І ўжо гэтая розніца між гаворкамі сталася для юнага школьніка нечым вельмі цікавым, тым, што абяцае адкрыцці. Нельга адмовіць уплыў на творчы лёс школьніка і знанага паэта Міколы Купрэева, які акурат тады настаўнічаў у Сташанах. Гэта за ім, Міколам Купрэевым, бегаў цішком Анатоль Шушко назіраць: як жа пішуцца вершы?

Першы свой верш, як казаў сам Анатоль Шушко, напісаўся “сам па сабе”, калі ён быў у 4 класе. А потым была першая публікацыя ў “Піянеры Беларусі” ў 1969 годзе. І пайшлі вершы і зацемкі друкавацца ў “Бярозцы”, “Чырвонай змене”… Юнак заканчваў школу, а “ЛіМ” надрукаваў вялікую падборку ягоных вершаў, якую заўважыў крытык Варлен Бечык і напісаў: “Якой важкай і цікавай творчай заяўкай здаліся вершы гэтага юнака! Былі ў іх і маладая ўсхваляванасць жыццём, і разважлівая дапытлівасць, і назіральнасць, і псіхалагічная чуйнасць. Праглядваліся даволі выразныя рысы асабістасці, уласнага светаадчування. Малады паэт, зусім пачатковец дамагаўся не абы-якой шматмернасці і ўнутранай паўнаты ў паказе і асэнсаванні жыцця.”.

У 1971 годзе Анатоль Шушко паступае на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта БДУ, пасля заканчэння паехаў настаўнічаць на родную Піншчыну. Былі далей школы на Гродзеншчыне, праца выхавацелем у спецшколе-інтэрнаце… Але з часам паэт шукае месца быццам падалей ад беларускага слова. Недзе падпрацоўвае журналістам, пасля – будаўніком далёка на Гомельшчыне.

У 1981 г. Анатоль Шушко браў удзел у рэспубліканскім семінары маладых літаратараў у Доме творчасці  ў Каралішчавічах, куды таксама былі запрошаны Анатоль Сыс, Алег Мінкін, Віктар Шніп, Уладзімір Арлоў, Леанід Галубовіч, Васіль Сахарчук, Алесь Наварыч, Уладзімір Ягоўдзік ды іншыя.

І толькі ў сярэдзіне 90-х гадоў мінулага стагоддзя вяртаецца на радзіму, на Піншчыну.

Вершы Анатоля Шушко друкуюцца ў перыядычных выданнях, у калектыўных зборніках… але – мала! Літаратурная супольнасць, якая сачыла за таленавітым паэтам са здзіўленнем гэта азначала: паэт быццам хаваўся ад паэзіі, унікаў літаратурнага працэсу. Што сталася прычынай?

КДБ. Так, у 70-ыя гады юнака выклікаў да сябе на размову “таварыш маёр”. Ён, малады паэт, яшчэ і зусім малавядомы, быў незвычайна здзіўлены і, чаго хаваць, напужаны раптоўнай увагай да яго такіх органаў. Пра што гаварылі? Пра рознае. Але далі ясна зразумець: ягоная беларускасць не ўхваляецца. Ну, часы, калі казалі пра нацдэмаўшчыну, мінуліся, але ж можна гаварыць пра сутнасць з’явы, не даючы ёй назвы. Так што, хлопец, “не гані коней”. Але, канешне, калі пасябруеш з намі, дык будзе табе і лягчэй, і прасцей…

Анатоля, па сутнасці, і застрашвалі, і вербавалі, і папярэджвалі. Поўны набор. І як бы ні было прыкра прызнавацца, Анатоль Шушко прызнаўся праз дваццаць гадоў і старэйшым сябрам пра гэтую размову, і самому сабе: не пісаліся вершы, бо наступіў на горла сваёй песні – вось тут ужо метафара дакладная.

Ёсць яшчэ адзін эпізод у жыцці Анатоля Шушко, які зноў жа льга уставіць у якую даследчую працу як прыклад з’явы. У 1997 годзе паэта прынялі ў Саюз беларускіх пісьменнікаў. Да гэтага, у 1994 годзе, выйшла першая кніга паэзіі “Выток і прычасце”, якая была заўважаная і ацэненая чытачамі і крытыкамі.

І вось у 2006 годзе Анатоль Шушко выходзіць з Саюза беларускіх пісьменнікаў і ўступае ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Не ён адзіны, вядома, на той час так зрабіў. Але, калі ў сталіцы ды вялікіх гарадах рабілі тое пісьменнікі і паэты – работнікі рэдакцый ды іншых дзяржаўных устаноў “хоцькі-няхоцькі”, то ж у глыбінцы як быццам ніхто асабліва не ціснуў. Ды і сам Анатоль Шушко не ў такой установе працаваў, каб згубіць пасаду з-за неўступлення ў СПБ.

Давайце разам зірнем на абставіны, якія склаліся на той час вакол асобы паэта.

Піншчына не мела дастаткова цесных сувязяў з цэнтрам, да ўсяго, Саюз беларускіх пісьменнікаў перажываў тады вельмі цяжкія часы. З другога боку, суполка літаратараў піншчыны была досыць шматлікай і дзейснай. Што праўда, абсалютная большасць актыўных сяброў – журналісты, работнікі дзяржаўных устаноў. Як запісалі пасля і агучылі: была праведзена вялікая тлумачальная работа ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі. Непасрэдны выканаўца гэтай работы – кіраўнік новастворанай Берасцейскай філіі. Было даведзена: калі вы атрымліваеце грошы ад дзяржавы, то як гэта вы будзеце ў незалежным саюзе? Вы ж – дзяржаўнікі!

То быў узняты бізун, а быў і пернік: Крэйдзіч казаў пра сотні мільёнаў рублёў, якія за нейкія там прададзеныя кватэры атрымаў новаствораны саюз, і будуць кнігі, сустрэчы, паездкі, семінары. Карацей, жыццё будзе кіпець! Будзе заснаваная літаратурная прэмія аблвыканкама (вялікія грошы!), будзе традыцыйнае пісьменніцкае свята, падарункі, прыём у губернатара… Во ўжо – памяшканне пад офіс далі, мэбля закупленая, тэлефон праведзены! І праўда ж – варушняк адразу нейкі пайшоў. А той саюз, пытаўся нехта. А ўжо ўсё… няма ў іх нічога. Назва адна…

З трэцяга боку, вялікім аўтарытэтам на Піншчыне карыстаўся рускамоўны паэт Валерый Грышкавец. Не жарты – у маскоўскіх часопісах вершы друкуе, з паэтамі Расеі рукаецца. Ды больш: ён вершы беларускіх паэтаў перакладае і там – у Маскве – яны публікуюцца ў часопісах. Да слова, і вершы Анатоля Шушко ў перакладзе Грышкаўца выходзілі ў альманаху “Москва”. Ведаў Валерый Грышкавец добра і літаратурны асяродак у Мінску, і яго ведалі. Што праўда, веданні Грышкаўца, з якім ён ахвотна дзяліўся з пінскімі сябрамі, былі адно поўныя абурэння: ён даводзіў, на прыкладах ды фактах, што “вярхушка” дбае толькі пра сябе, выдае свае кнігі ды сваіх сяброў. А вось новаствораны праўладны саюз – зусім іншая справа. “Чаргінцу веру!” – усклікнуў ён у сваім артыкуле. Пачытаеш той артыкул – і задумаешся. Пры ўсім, кожны задумаецца пра сваё.

Анатоль Шушко быў і шчырым, і легкаверным. І яшчэ ён любіў быць з сябрамі, быць у коле аднадумцаў-творцаў. То ці варта здзіўляцца пры такіх варунках, што ў 2006 годзе Анатоль – сябра чаргінцоўскага саюза?

Што праўда, не здзейснілася мара запаветная: адклалася на потым выданне кніжкі паэта, бо ж выдавалі напачатку нешта іншае, калектыўнае, а пасля і ўвогуле сказалі, што нельга грошы саюза траціць на асабістыя кніжкі. І нічога не заставалася Анатолю Шушко, як збіраць да ладу свае вершы і з вершамі — грошы на кніжку. Зборнік паэзіі «Шаны» выходзіць нарэшце ў Мінску, у выдавецтве “Мінкапрынт” у 2012 годзе. У 2014 годзе кніга была ўганараваная Літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка.

Калі боль ад ненапісаных вершаў з-за страху перад КДБ цягам часу стаўся ў Анатоля Шушко фантомным, дык іншы боль быў рэальным і садніў на сэрцы. Паэт бачыў тую лавінную русіфікацыю, якая нішчыла беларускасць, найперш у раённых газетах, у людскім і культурным асяродку. Рускамоўны хаўрус літаратараў на Піншчыне быў досыць уплывовым і нават агрэсіўным, той жа Грышкавец неаднаразова закідваў: “Што вам гэтая мова, яна знікае і знікне”. Анатоль Шушко унікаў спрэчак, ён адно цяжка ўздыхаў – і адказваў вершамі:

Мазалёвая,
з крываточынай,
і не сынава,
і не доччына,
паўсядзённаю,
усяўладнаю,
як жыццё-быццё,
безагляднаю,
мова родная,
Богу годная,
уваскрэсні, прашу,
НАРОДНАЮ,
каб вясна мая
ачмурэлая,
як пялёстачак,
белым-белая,
засвяцілася,
усміхнулася,
жылкай кожнаю
адгукнулася:
добрым – шчырасцю,
шчырым – шчодрасцю,
шчодрым – міласцю,
мілым – роднасцю,
родным – дзейнасцю,
дзейсным – вернасцю,
верным – мірам
і вечнай еднасцю.

Родная мова сапраўды была для паэта стыхіяй выжывання і жыцця. Цягам часу ён напоўніцу зразумее сапраўднае багацце і жыццёвую сілу і яе, літаратурнай і чыстай, і той местачковай-вясковай, якая шчодра падзеліцца сваім багаццем з улюблёным у яе паэтам:

Святочнасць якая!
Як хораша тчэцца радок!
Шукаю цябе,
Першароднае мудрае слова.
Мацней пачуццё!
Зноў са мной, як зарок,
Мая беларуская
Кроўная, чыстая мова.

Што праўда: за гэтай святочнасцю, пра якую піша паэт, – напружаная праца. Анатоль Шушко быў вельмі патрабавальны да сябе, ён не мог дапусціць ні выпадковага слова, ні выпадковага выраза ў вершы, дасканаліў кожную страфу. І шукаў. Шукаў новыя метафары, параўнанні, знаходзіў – і радаваўся знойдзенаму,  бясконцаму багаццю мовы, яе адценням. Добра было Купалу і Коласу, неяк жартаваў Шушко – яны былі першымі, ім было лягчэй. І як няпроста пісаць цяпер, каб не паўтарыцца!

Анатоль не паўтараў і не паўтараўся. Створаныя ім вобразы – жывыя і мілыя, непасрэдныя. Ад любові да мовы пачынаецца любоў да радзімы. Не той, маленькай, дзе пазнаў прыгажосць і суладдзе прыроды і чалавека, а да той вялікай, якая цябе самога праз датычнасць да яе зрабіла беларусам. І ты можаш чалавекам звацца. У вершы “Камяні” прагучыць такая думка:

Вы – нібы здані прада мною
далёкіх прадзедаў маіх,
з іх невыказнаю тугою.
З глухой жальбой і болем іх.

О, камяні! — нямыя жорны
Імхом парослай цішыні,
няўжо і дух іх непакорны
у вас, у чэрствых, не пранік?

Няўжо гарачаю падковай
конь Каліноўскага парой
з вас больш не высеча барвовы
агонь?..
Няўжо ваш лёс — спакой?

Анатоль Шушко памёр пасля працяглай хваробы 8 лістапада 2018 года.

Пасля ягонай смерці жонка збярэ ягоную спадчыну, якая акажацца багатай, і выдасць яшчэ дзве кніжкі вершаў: “Сэрцу соладка, ясна, трывожна” у 2019 годзе і  “Паэзія – душы маёй суладдзе”  у 2020 г. Віктар Гардзей так скажа пра Анатоля: “Памяркоўны і сціплы па натуры, уражлівы і назіральны хлапчына з палескай вёскі Сташаны настойліва шукаў (шукае і цяпер) выток беларускіх крыніц, роднай мовы, чалавечай дабрыні і злыбеды, а таксама “воблік неразгаданага шчасця ў неспатольнай шчодрасці прычасця”.

Мікола Асавец, для bellit.info