Стала вядома, што ўлады пагражаюць Святлане Алексіевіч забраць яе мінскую кватэру, якую яна купіла на грошы ад Нобелеўскай прэміі ў доме Чыжа па адрасе Старажоўская, 6 у Мінску, пра гэта паведаміла ў сацсетках Святлана Ціханоўская.
Да гэтага нобелеўская лаўрэатка жыла ў суседнім доме з відам на Свіслач, з якога, па словах пісьменніцы, яе выселілі кнігі: месца для іх стала занадта мала.
“Цяпер прапагандысты кажуць, што гэтая кватэра ідэальна падышла б для сямейнага супрацоўніка АМАПу. Лукашэнка пагражае адпомсціць усім, хто тады ўдзельнічаў у рэвалюцыі”, — расказвала Святлана Алексіевіч у інтэрв’ю нямецкай газеце Die Zeit.
Па словах пісьменніцы, многія ейныя сябры зʼехалі, і тое, з чаго складаўся ейны свет, знікла. Сама пісьменніца зʼехала з Беларусі восенню 2020 года, з тых часоў яна жыве ў Берліне.
“Цяпер я б сказала: мой дом знаходзіцца нідзе. Таму што я дагэтуль не магу змірыцца з думкай, што зʼехала назаўжды. Я хачу вярнуцца, але няма месца, куды я магла б вярнуцца”, — казала яна.
У мінскай кватэры Алексіевіч засталіся рукапісы і дзённікі, за якія яна перажывае больш за ўсё. Нядаўна, па словах пісьменніцы, з кватэры ўдалося вынесці Нобелеўскі медаль.
“Мой свет складваўся на працягу многіх гадоў, і я кажу пра рэчы, якія маюць сімвалічнае значэнне. І тут прыходзяць гэтыя жывёлы — я не магу назваць іх інакш — і руйнуюць гэты свет. Некаторы час таму яны знішчылі ўсё ў кватэры аднаго навукоўца і вывалілі туды цэлы грузавік смецця, фатаграфіі чаго былі апублікаваныя. Цяжка ўявіць, што адчувае чалавек, калі бачыць, што зрабілі з ягоным светам“, — так Алексіевіч пракаментавала пагромы сілавікоў у кватэрах беларусаў.
28 лістапада праваабаронцы паведамілі пра масавыя ператрусы ў Мінску па “справе Каардынацыйнай рады”, у прэзідыум якой у 2020 годзе ўваходзіла Святлана Алексіевіч. Пасля гэтага было выпісана больш за 100 ордараў на арышт маёмасці тых, хто праходзіць па гэтай справе і знаходзіцца не ў Беларусі.