Паэт, празаік і перакладчык Алег Мінкін запусціў сайт, на якім размясціў свой аўтарскі “Слоўнічак расейска-беларускі адпаведнікаў”. Пры гэтым адзначаецца, што рэсурс разлічаны на карыстальнікаў, якія добра ведаюць родную мову, і ёсць хутчэй інструментам паляпшэння культуры мовы, а не яе вывучэння.
““Слоўнічак расейска-беларускіx адпаведнікаў” я пачаў складаць ці не 20 гадоў таму назад. Паўстаў ён з маёй асабістай незадаволенасьці “закалькаванасьцю” сучаснай беларускай мовы, наяўнасьцю ў ёй шматлікіх “ка̀лек-калѐк” (пераважна “расеянізмаў”), асабліва што да выслоўяў, устойлівых выразаў, параўнаньняў ды іншых моўных зваротаў якія зьяўляюцца, разам з прыказкамі й прымаўкамі, “душою” кожнай нацыянальнай мовы”, — піша ў слове ад укладальнік Алег Мінкін.
У слоўніку два слупкі. У левым — расейскія словы і моўныя звароты пададзеныя адзін за адным паводле расейскага альфабэту. У правым слупку насупраць — іхныя беларускія адпаведнікі: “ланцужкі” з беларускіх словаў і моўных зваротаў. Наперадзе “ланцужка” стаяць найбольш ужываныя сёння адпаведнікі, а напрыканцы — малаўжываныя ці зусім неўжываныя, адным словам, “экзотыка”.
“Хачу зацеміць таксама, што “ланцужкі” складаюцца менавіта з адпаведнікаў і ня трэба блытаць іх з “сынанімічнымі радамі”. Адпаведнікі пададзеныя, дзеля лёгкасьці карыстаньня й зьмяншэньня аб’ёму матар’яла, без спасылак на крыніцы, але слоўнічак даволі багаты на прыклады ўжываньня іх на практыцы”, — тлумачыць аўтар.
Карыстальнікам варта звярнуць увагу, што на сайце аўтар ужывае класічны беларускі правапіс (тарашкевіцу), таму пры пошуку па слоўніку ў фармаце spreadsheet трэба гэта ўлічваць.
Алег Мінкін гаворыць, што гэта слоўнік “аднаго чалавека”, да таго ж не філолага, а моўнага практыка, таму ў слоўнічак маглі закрасціся хібы і недакладнасці, у тым ліку звычайныя граматычныя памылкі. Таму ўкладальнік спадзяецца на “зваротную сувязь”, на выпраўленне з дапамогаю карыстальнікаў заўважаных хібаў і памылак, на канструктыўны дыялог, на дасыланне новых “адпаведнікаў”. Адрас для кантакту: xnicka@gmail.com
Галоўнае фота — facebook.com