135 гадоў таму, 13 кастрычніка 1888 у засценку Пунькі на Глыбоччыне нарадзіўся мастак, археолаг, пісьменнік і этнограф Язэп Драздовіч. У Нацыянальным мастацкім музеі праходзіць адмысловая выстава “Космас Язэпа Драздовіча”. Сёння апошні дзень, калі яе можна наведаць (!).
У рамках выставы паказаны творы з калекцыі аддзела старажытнабеларускай культуры ДНУ “Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры” НАН Беларусі.
У экспазіцыі прадстаўлены карціны Язэпа Драздовіча, якія з’яўляюцца часткай ягоных знакамітых “касмічных серый”, а таксама працы, дзе мастак праявіў свой талент партрэтыста. Частку з іх глядач убачыць упершыню. Усяго на выставе экспануецца восем жывапісных твораў, а таксама два барэльефы.
Язэп Драздовіч перадусім вядомы як мастак, але таксама ён пісаў вершы, прозу, вёў дзённікі. У 1923 годзе ў Вільні была надрукаваная першая частка ягонай аповесці “Вар’ят без вар’яцтва” пад псеўданімам Язэп Нарцызаў, якая называлася “Пабрацімцы і вялікая шышка”. Бальшыня ягоных твораў (напрыклад, паэма “Трызна мінуўшчыны”, гістарычная аповесць “Гарадольская пушча”, апавяданне “Сон Гараноса” з ягонымі ілюстрацыямі) засталася ў рукапісах.
Сярод іншага Язэп Драздовіч праводзіў археалагічныя даследаванні ў Свіры. У ненадрукаванай працы “Дзісенская дагістарычная старына” апісаў 30 археалагічных помнікаў. Адкрыў некалькі стаянак каменнага і бронзавага вякоў, шмат каменных крыжоў, сабраў калекцыю каменных сякер. У выніку археалагічных пошукаў напісаў працу “Дзе знаходзяцца Дудуткі і Гародня”. Дзённікі Язэпа Драздовіча, якія ён вёў у 1930—1950-я гады, былі надрукаваныя ў 1991 годзе ў часопісе “Маладосць” (№ 5—12). І вядома ж, Драздовіча акрамя роднага краю заўсёды вабіў космас і іншыя планеты, што адбілася не толькі ў ягонай мастацкай творчасці, у 1931 годзе ён выдаў навукова-папулярную брашуру па астраноміі “Нябесныя бегі”.