Асацыяцыя «Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў» працягвае сачыць за сітуацыяй з беларускай мовай у Беларусі і фіксаваць выпадкі моўнай дыскрымінацыі.
У бягучым аглядзе мы абапіраліся на даныя, атрыманыя з адкрытых крыніц, а таксама на вынікі даследаванняў, праведзеных іншымі арганізацыямі і ініцыятывамі цягам пазначанага перыяду.
У маі 2023 года Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) апублікаваў вынікі свайго даследавання «Даступнасць і дыскрымінацыя беларускай мовы ў Беларусі», у фокусе якога была даступнасць адукацыі, інфармацыі і абслугоўвання на беларускай мове. Аўтары даследавання апыталі 482 чалавекі ва ўзросце ад 15 да 72 гадоў, якія ўжываюць беларускую мову ў Беларусі. Далей прыводзім яго асноўныя вынікі:
1. Так, у сферы адукацыі даследчыкі адзначылі наяўнасць моўнай дыскрымінацыі ў дачыненні да беларускай мовы. У тэорыі Рэспубліка Беларусь, адпаведна дзейным законам, у тым ліку Канстытуцыі, павінна прадстаўляць права грамадзянам атрымліваць адукацыю на адной з дзяржаўных моў. Па факце мова навучання вызначаецца заснавальнікамі ўстаноў з улікам пажадання бацькоў, пры гэтым Міністэрства адукацыі сыходзіць з таго, што менавіта беларускамоўныя школы і класы павінны адкрывацца па пісьмовых заявах бацькоў. Канчатковае ж рашэнне прымаецца мясцовымі выканкамамі і не заўжды на карысць бацькоў. Так, 77,8% апытаных сутыкаліся з перашкодамі пры ўжыванні беларускай мовы, а 88% адчувалі асаблівае стаўленне да сябе праз тое, што размаўляюць па-беларуску. 86,9% апытаных у дзіцячых садках выхоўваліся па-руску; у 82,4% удзельнікаў апытання прадметы ў ВНУ і ўстановах ССА выкладаліся па-руску. Аднак 95% рэспандэнтаў пры наяўнасці альтэрнатывы абралі б мовай адукацыі беларускую.
2. У сферы інфармацыі аўтары даследавання адзначаюць, што з пачатку 2000-х гадоў у Беларусі пераважная большасць асноўных СМІ выходзіла на рускай мове. У 2011-м на каналах нацыянальнага тэлебачання беларускамоўныя праграмы складалі ўсяго 4% эфіру. На цяперашні час усе агульнанацыянальныя газеты, за выключэннем газеты «Звязда», выдаюцца на рускай мове.
3. Не лепшая сітуацыя склалася ў сферы абслугоўвання. Так, 99,4% рэспандэнтаў паведамілі, што не атрымліваюць камунікацыі па-беларуску ў лякарнях і медыцынскіх установах; 98,1% беларусаў — у рэстарацыях і кавярнях; 98,5% — у крамах з прадаўцамі і кансультантамі; 99,2% — у дзяржаўных установах.
За першае паўгоддзе 2023 года з адкрытых крыніц мы выявілі наступныя выпадкі дыскрымінацыі беларускай мовы.
Падчас судаводства ў судзе Ленінскага раёна г. Мінска 5 студзеня 2023 года праваабаронца і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі[1] і яго паплечнікі праваабаронцы Уладзь Лабковіч[2] і Валянцін Стэфановіч[3] заявілі хадайніцтвы аб тым, каб судаводства вялося на беларускай мове. Суддзя Марына Запаснік хадайніцтвы не задаволіла. Пасля чаго Алесь Бяляцкі заявіў хадайніцтва аб прызначэнні яму перакладчыка з рускай на беларускую для поўнага разумення прад’яўленага абвінавачання. У абгрунтаванне сваёй пазіцыі Алесь сказаў, што ўсё жыццё размаўляе на беларускай мове і ўжо не ў поўнай меры разумее рускую. І гэтае хадайніцтва было адхіленае судом. Алесь Бяляцкі заявіў, што пракурор Аляксандр Кароль як дзяржслужачы таксама павінен ужываць у судзе беларускую мову. Але нягледзячы на ўсе аргументы, судаводства вялося па-руску.
10 студзеня 2023 года стала вядома, што выдавецтва «Янушкевіч», якое выпускала кнігі на беларускай мове, было пазбаўленае ліцэнзіі ў судовым парадку на падставе арт. 33 Закона ад 29 снежня 2012 г. № 8-З «Аб выдавецкай справе ў Рэспубліцы Беларусь». У рашэнні суда пералічаныя выдадзеныя «Янушкевічам» друкаваныя выданні прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэта кніга Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» і кніга вершаў Іосіфа Бродскага для дзяцей «Балада пра маленькі буксір». Нагадаем, што ў 2022-м выдавецтва «Янушкевіч» спачатку выселілі з офіса, пасля сілавікі разграмілі ў Мінску новаадкрытую кнігарню «Кнігаўка», якая паспела адпрацаваць толькі некалькі гадзін, і затрымалі Андрэя Янушкевіча.
11 студзеня 2023 года на «Радыё Свабода» з’явілася навіна пра тое, што ў Беларусі з’явіўся афіцыйны пераклад Крымінальна-выканаўчага кодэксу на беларускую мову. У Беларусі з 25 кодэксаў на беларускую мову перакладзены толькі 16, нягледзячы на дэклараваную ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь роўнасць дзвюх дзяржаўных моў. З усіх кодэксаў толькі адзін — Кодэкс аб культуры — быў прыняты на беларускай мове. Увогуле толькі 1,4% прававых актаў Беларусі маюць версію на беларускай мове. Пры гэтым абсалютная большасць беларускамоўных актаў маюць тэхнічны, нязначны з юрыдычнага пункту гледжання характар. У той жа час, наяўнасць кодэксаў і законаў на беларускай мове не ўплывае на іх выкарыстанне. У судах асуджаным часцей за ўсё адмаўляюць у вядзенні працэсу на беларускай мове. Пры выкананні пакарання да беларускамоўных асуджаных назіраецца больш жорсткае стаўленне ў калоніях.
26 студзеня 2023 года стала вядома, што беларускамоўнаму абвінавачанаму па «справе карагодаў» Міколу Папеку суд Брэсцкага раёна адмовіў у азнаямленні з матэрыяламі справы на беларускай мове. Мікола Папека (асуджаны па арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, да 2 гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, у красавіку 2022 г. пакаранне заменена на 8,5 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, 16.09.2021 прызнаны палітвязнем, 17.12.2022 — вызвалены) намагаўся ўжываць родную мову ў працэсе. Раней паэт-пчаляр дамогся таго, каб на допыце ён мог размаўляць па-беларуску (у выніку яго дапытвалі праз перакладчыка). Таксама Мікола намагаўся азнаёміцца з матэрыяламі справы на беларускай. Але ж атрымаў адмову ад старшыні суда Брэсцкага раёна, па меркаванні якога «падстаў для азнаямлення з матэрыяламі справы на беларускай мове няма».
2 лютага 2023 года затрымалі адміністратара тэлеграм-канала «Па-беларуску» Андрэя Філіпчыка (асуджаны па арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх, 28.02.2023 прызнаны палітвязнем, атрымаў пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі). Яму інкрымінавалі ўдзел у «несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах», а таксама адміністраванне тг-канала «Па-беларуску», дзе публікаваліся жарты і мемы на беларускай мове. Па меркаванні сілавікоў, Андрэй Філіпчык такім чынам папулярызаваў «лацінку і нянавісць да рускамоўнай сацыякультурнай прасторы».
21 лютага ў розных краінах свету праходзіць Міжнародны дзень роднай мовы. Свята было абвешчана Генеральнай канферэнцыяй ЮНЕСКА 17 лістапада 1999 года і адзначаецца з 2000 года. Гэта адна з нешматлікіх нагодаў, па якіх дзяржаўная прапаганда праз свае СМІ і блогераў звяртаецца да тэмы беларускай мовы. У Дзень роднай мовы ў 2023 годзе на беларускім тэлебачанні (на трох асноўных тэлеканалах) усе выпускі навінаў былі на беларускай мове, кожны канал паказаў невялікі сюжэт, прысвечаны даце. Ключавая роля ў гэтых сюжэтах адводзілася рэспубліканскай дыктоўцы, якая адбылася ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа.
Аднак з усіх дзяржаўных чыноўнікаў невялікі каментар СМІ па-беларуску даў толькі кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Ігар Сергяенка. Увечары выйшла праграма «Па сутнасці», у якой дэпутат парламента Ігар Марзалюк выказаў меркаванне пра неабходнасць пазітыўнай дыскрымінацыі беларускай мовы і прапанаваў у рускамоўных школах гуманітарныя прадметы выкладаць па-беларуску. Яго словы выклікалі абурэнне з боку праўладных прапагандыстаў і тэлеграм-каналаў.
У г. Браціславе (Славакія) да Дня роднай мовы амбасада Беларусі зладзіла выставу беларускай кнігі. Аднак большасць прадстаўленых кніг былі перакладзены на рускую мову. Таксама былі выстаўлены некалькі стэндаў з інфармацыяй і фота рускага пісьменніка Фёдара Дастаеўскага.
Чыноўнікі на Гарадзеншчыне выказаліся супраць польскай мовы ў касцёлах Беларусі. Чыноўнікі ў Іўі назвалі польскую мову ў касцёле незаконнай падчас сустрэчы раённых уладаў з духавенствам, дзе абмяркоўвалі праблемныя пытанні. Аднак духавенства адзначыла, што ў беларускай каталіцкай царквы 2 афіцыйныя мовы: беларуская і польская. Гэта нават замацавана ў дакументах Каталіцкай царквы ў Беларусі. Такое рашэнне было прынятае падчас пасяджэнняў Сінода 1996–2000 гадоў. Як адзначылі ксяндзы, прычынаў наяўнасці польскай мовы ў касцёлах некалькі: гэта і тое, што Заходняя Беларусь некалі была ў складзе Польшчы, і тое, што каталіцкія святары прыязджалі прапаведаваць у Беларусь пераважна з Польшчы, адпаведна прывозілі польскія тэксты малітваў, бо беларускія не было як раздрукаваць, а расійская культура амаль заўсёды была акупанцкай, таму гістарычна склалася менавіта так.
У мабільным дадатку «Сбербанка» 3 сакавіка 2023 года прыбралі беларускую мову. Банк спаслаўся на тое, што ў адпаведнасці з заканадаўствам інтэрфейс і выхадныя дакументы павінны фарміравацца на адной з дзяржаўных моў — беларускай ці рускай. У банку патлумачылі, што гэта рашэнне абумоўлена высокімі выдаткамі на падтрыманне дадатковых лакалізацый пры малой кліенцкай базе карыстальнікаў беларускага моўнага пакета, гэта пры тым, што «Сбербанк» — адзін з найбуйнейшых банкаў у Беларусі.
1 красавіка на ютуб-канале «Жыццё-маліна» выйшла інтэрв’ю з Аляксандрам Івуліным у якім ён распавёў, што адміністрацыя папраўчай калоніі №22, у якой адбывае пакаранне мастак Алесь Пушкін (асуджаны па арт. 370 КК — здзек з дзяржаўных сімвалаў, арт. 130 — распальванне варожасці ці варажнечы да 5 гадоў пазбаўлення волі ў турме ва ўмовах строгага рэжыму, 06.04.2021 прызнаны палітвязнем) стварае яму вельмі жорсткія ўмовы адбывання пакарання з-за таго, што Алесь размаўляе выключна па-беларуску, канваіры здзекуюцца з яго, прымушаюць размаўляць па-руску, нібыта не разумеючы беларускай мовы.
4 красавіка 2023 года на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале была апублікавана новая пастанова Дзяржаўнага камітэта па маёмасці ад 24 сакавіка 2023 года №19 «Аб перадачы найменняў геаграфічных аб’ектаў з беларускай і рускай моў на іншыя мовы». Новая пастанова адмяніла выкарыстанне беларускай лацінкі. Яе заменяць іншымі лацінскімі літарамі. А найменні геаграфічных аб’ектаў будуць перадаваць не толькі з беларускай, але і з рускай мовы. Адмены беларускай лацінкі раней дабіваліся прарасійскія актывісты. Па стане на 23 чэрвеня 2023 года ўжо амаль на ўсіх аўтобусных прыпынках у г. Мінску замест беларускай лацінкі з’явіліся надпісы на рускай мове.
21 красавіка стала вядома, што Міністэрства інфармацыі падало ў эканамічны суд г. Мінска пазоў аб спыненні дзяржаўнай рэгістрацыі выдавецкага дома «Зміцер Колас». Падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў «“Вызваленыя” i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакумэнтах беларускiх архiваў» (6 студзеня суд Цэнтральнага раёна г. Мінска прызнаў апублікаваныя дакументы «экстрэмісцкімі матэрыяламі»). З 5 сакавіка выдавецтва «Зміцер Колас» прыпыніла сваю дзейнасць. Сам Зміцер Колас на пачатку сакавіка быў затрыманы разам з друкаром Алегам Сычовым і 10 сутак правёў у СІЗА КДБ. У выніку выдавец быў вызвалены без прад’яўлення абвінавачанняў. 11 мая стала вядома, што эканамічны суд ліквідаваў выдавецтва «Зміцер Колас».
У Twitter 25 красавіка 2023 г. беларуская актывістка Кацярына Варажун распавяла пра сітуацыю з «дзяржаўным двухмоўем» у беларускім бізнесе. Паводле апублікаваных скрыншотаў бачна, што кампаніі «Сливки.бай» і «Буслік» негатыўна ставяцца да беларускай мовы. Так, прадстаўнік кампаніі «Сливки.бай» папрасіў перакласці ўсе дакументы на рускую мову, таму што яны не прымаюць дакументы па-беларуску. У «Бусліку» таксама папрасілі пісаць прозвішча і імя кліентаў па-руску, паколькі могуць узнікнуць праблемы з пасылкай тавару. Трэба адзначыць, што сетка супермаркетаў для дзяцей «Буслік» мае назву на беларускай мове. А на афіцыйным сайце кампаніі па-беларуску напісана, што «бусляня па старажытных паданнях прыносіць шчасце ў хату, сімвал Радзімы, сямейнага дабрабыту, хатняй утульнасці, любові да роднай зямлі і роднай хаты».
Тэлеграм-канал «Праўда Герашчанка» апублікаваў частку праграмы з расійскага канала тэлебачання, дзе паказалі эпізод, у якім расіяне абураюцца, што беларусы, асабліва моладзь, размаўляюць па-беларуску. З праграмы вынікае, што гэта польскія і літоўскія спецслужбы вучаць беларусаў размаўляць на беларускай мове для таго, каб аддзяліць Беларусь ад Расіі.
25 траўня 2023 года «Радыё Свабода» апублікавала артыкул, у якім былыя палітвязні распавялі пра стан беларускай мовы ў калоніях.
- Памочнік начальніка жаночай калоніі №4 г. Гомеля выяўляе асаблівае стаўленне менавіта да беларускамоўных: «Любіць рэгулярна спыняць палітычных і чапляцца да іх, выпытваючы ў тым ліку, як па-беларуску будзе якое-небудзь слова». Палітзняволенымі гэта ўспрымалася яе вытанчаны, пачварны здзек з жанчын, якія цалкам залежаць ад чалавека ў пагонах і не могуць яму супрацьстаяць.
2. Начальнік бабруйскай калоніі №2 абразліва называў беларускамоўнага палітвязня «беларускамоўнай малпай». Увогуле яны адзначаюць, што ў пенітэнцыярнай сістэме склалася сістэмная з’ява — пераслед беларускамоўных грамадзян на падставе ўжывання імі беларускай мовы. (https://www.svaboda.org/a/32427144.html)
3 чэрвеня 2023 года на «Радыё Свабода» выйшаў артыкул, у якім апублікавалі фрагмент кнігі Алега Груздзіловіча (асуджаны па арт. 342 КК да 1 г. 6 мес. пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, 20.07.2021 прызнаны палітвязнем, 21.09.2021 вызвалены праз памілаванне). Адзначае, што калонія вымушае палітвязняў прыстасоўвацца да ўмоў і выбіраць, з кім можна гаварыць па-беларуску, а з кім не. Каб не атрымаць лішні тэрмін у ШІЗА або пазбаўлення спаткання ці перадачы, Алег вымушаны быў з супрацоўнікамі калоніі размаўляць па-руску.
Кіраўнік беларускага Тэатра юнага гледача Вера Палякова 5 чэрвеня 2023 года выказала пажаданне, каб у тэатры было больш рускай мовы. Яна сказала, што на сённяшні час з 20 дзіцячых спектакляў 15 ідуць па-беларуску і 5 па-руску. А ёй хацелася б, каб было 50 на 50, бо ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы і гасцям горада Мінска больш прыемна і цікава глядзець спектаклі на рускай мове.
Пастановай Саўміна ад 19.08.2022 №274 Міністэрства адукацыі Беларусі замяніла бланкі дакументаў аб адукацыі. У новых бланках спецыялісты сістэмы адукацыі зрабілі памылку: замест слова «прозвішча» па-беларуску напісалі рускае слова «фамилия» ў беларускім правапісе. Але паколькі беларуская ўлада ніколі не прызнае памылак, то намеснікам міністра Аляксандрам Кадлубаем быў разасланы ліст у падпарадкаваныя ўстановы адукацыі, дзе ён даў тлумачэнне правільнасці выбранага тэрміна, спасылаючыся на тлумачальны слоўнік. Такім чынам, мала таго, што Міністэрства адукацыі зрабіла памылку, дык яшчэ яе і абгрунтавала.
Былы палітвязень Станіслаў Паўлінковіч распавёў праваабарончаму цэнтру «Вясна», што падчас адбыцця пакарання ў калоніі ў г. Крупкі, калі прасіў па-беларуску ў бібліятэкара кнігі на беларускай мове, чуў у адказ: «Ты што, паляк?». Па словах палітвязня, бібліятэкара ажно трэсла ад таго, што Станіслаў размаўляў з ім па-беларуску.
30 чэрвеня Міністэрства інфармацыі чарговы раз абнавіла «Спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Сярод новых яго фігурантаў — культурніцкі інтэрнэт-рэсурс budzma.me і тэлеграм-канал https://t.me/budzmaby. І сайт, і тэлеграм-канал з’яўляюцца беларускамоўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», скіраванай на папулярызацыю беларускай культуры. Галоўная ідэя кампаніі — аб’яднаць беларусаў праз станаўленне павагі да сябе, сваёй культуры, мовы, гісторыі і ўсведамлення сваёй адметнасці.
Тэхнічны рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы ўпакоўкі» прадпісвае, што «інфармацыя павінна быць выкладзена на рускай мове і на дзяржаўнай(ых) мове(ах) дзяржавы — сябра саюза пры наяўнасці адпаведных патрабаванняў у заканадаўстве(ах) дзяржавы(ў)-чальцоў». Аднак наяўнасць выбару звяло сітуацыю да таго, што руская мова ў маркіроўцы прадукцыі стала абавязковай, а беларуская — не.
У адказ на гэта беларускі праваабаронца Ігар Случак звярнуўся да беларускіх вытворцаў прадукцыі з прапановамі пазначаць сваю прадукцыю па-беларуску. Некаторыя вытворцы з ім пагадзіліся, але большасць адмовілася і ўвогуле спыніла ліставанне.
- Так, птушкафабрыка «Рассвет» не будзе дадаваць беларускую мову на сваю прадукцыю з-за адсутнасці свабодных грашовых сродкаў на набыццё новых упаковачных комплексаў па прычыне цяжкага фінансавага становішча прадпрыемства.
- ТАА «Фармтэхналогія» не будзе маркіраваць сваю прадукцыю і рабіць сайт на беларускай мове з-за таго, што яно не хоча несці дадатковыя выдаткі. Перапіску з праваабаронцам І. Случаком яны спынілі.
- ААТ «Кобрынскі масларобна-сыраробны завод» адмовіўся ад выкарыстання беларускай мовы пры маркіроўцы сваёй прадукцыі, бо мастацкая рада гэтага завода палічыла мову немэтазгоднай. Немэтазгоднасць выкарыстання беларускай мовы на цэтліках і ўпакоўках тлумачыцца занадта малымі фізічнымі памерамі большасці адзінак упакоўкі прадукцыі прадпрыемства.
- ААТ «Слуцкі мясакамбінат» не будзе выкарыстоўваць беларускую мову пры маркіроўцы сваёй прадукцыі, бо арыентуецца на краіны СНД і рускамоўных жыхароў.
- Вытворца дзіцячага харчавання «БЕЛЛАКТ» не будзе дадаваць на ўпакоўку беларускую мову, бо для яе там няма месца. Прадпрыемства спыніла перапіску.
- ААТ «Рагачоўскі МКК» не будзе дадаваць беларускую мову на ўпакоўку сваёй прадукцыі, бо для яе няма месца і ён арыентуецца на спажыўцоў СНД, якія выкарыстоўваюць рускую мову.
- Вытворца малочнай прадукцыі, які працуе пад беларускамоўным брэндам «Сафійка», адмовіў у заяве маркіраваць сваю прадукцыю па-беларуску з-за высокіх выдаткаў.
Інфармацыя ўзятая са старонкі ў фэйсбуку Ігара Случака. На нашу думку, вельмі важна збіраць і публікаваць выпадкі дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, бо сёння як ніколі беларуская мова знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Мы працягнем пільна сачыць за станам беларускай мовы і рабіць падобныя агляды не радзей як раз на паўгады. Таму калі ў вас ёсць прыклады дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, якія не ўвайшлі ў гэты агляд, калі ласка, дасылайце іх на наш адрас — naszamova@gmail.com.
[1] Алесь Бяляцкі асуджаны па арт. 228 Крымінальнага кодэкса (КК) — кантрабанда; ч. 2 арт. 342 КК — фінансаванне групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, да 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаны палітвязнем 15.07.2021.
[2] Уладзь Лабковіч асуджаны па арт. 228 КК — кантрабанда; ч. 2 арт. 342 КК — фінансаванне групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, да 7 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаны палітвязнем 15.07.2021.
[3] Валянцін Стэфановіч асуджаны па арт. 228 КК — кантрабанда; ч. 2 арт. 342 КК — фінансаванне групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, да 9 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, прызнаны палітвязнем 15.07.2021.
(ENG) Survey of violations of language rights in Belarus from January 1st to June 30th 2023
(RUS) Обзор нарушений языковых прав в Беларуси с 1 января по 30 июня 2023 года