5 лістапада 2022 г. банк ідэй апублікаваў даследаванне, у якім прааналізаваў моўную палітыку ў Беларусі, стан беларускай мовы, яе тэндэнцыі і перспектывы. Прыводзім некаторыя высновы, да якіх прыйшлі аўтары даследавання:
- Аўтары адзначаюць, што пазіцыі беларускай мовы ў якасці сродка камунікацыі даволі слабыя. Тым не менш для абсалютнай большасці беларусаў яна застаецца важнай культурнай каштоўнасцю. І дысананс паміж мовай-каштоўнасцю і мовай камунікацыі, з аднаго боку, стварае шанц для пашырэння камунікацыйнай функцыі беларускай мовы, з другога боку, ёсць рызыка заняпаду яе каштоўнаснай функцыі.
- Павольны рост беларускамоўнага кнігавыдавецтва і выдання беларускамоўных газет, які назіраўся цягам мінулага дзесяцігоддзя, прыпыніўся. У першым паўгоддзі 2022 года доля беларускамоўных кніг знізілася, як у плане тытулаў, так і ў плане накладу. Такое падзенне перш за ўсё аўтары даследавання звязваюць з палітычнымі чыннікамі: выдаўцы адчулі на сабе ціск рэпрэсій з боку дзяржавы.
- Хаця асноўны ціск рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і не быў скіраваны менавіта на беларусацэнтрычныя грамадскія праекты, яны ўсё роўна пад іх траплялі. Гэта было звязана з тым, што беларускамоўныя асяродкі пераважна сімпатызавалі пратэстам і падтрымлівалі іх. Больш за тое, гэтыя праекты не ўпісваюцца ў сённяшнюю ідэалогію беларускага рэжыму, якая пасля выбараў 2020 года стала руса- і савецка-цэнтрычнай і антызаходняй.
- Вайна Расіі супраць Украіны таксама адыграла сваю ролю, падвышаючы падазронасць Масквы да любых зрухаў у напрамку ўзмацнення нацыянальнай ідэнтычнасці. Таму аўтары даследавання робяць выснову пра тое, што ў агляднай будучыні беларуская дзяржава перастане адыгрываць якую-кольвечы ролю ў пашырэнні камунікацыйных функцыяў беларускай мовы.
Занепакоеныя станам беларускай мовы ў Беларусі, мы працягваем збіраць выпадкі дыскрымінацыі беларускай мовы і публікуем наступны наш агляд парушэнняў права на мову ад 1 верасня 2022 г. па канец года.
5 верасня 2022 г. ГУБАЗіК затрымаў адміністратара суполкі «ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ Беларусі!» ў сацсетцы «ВКонтакте» Уладзіміра Буцькаўца. Перад гэтым 5 жніўня інфармацыйную прадукцыю суполкі «ЗА АДЗІНУЮ дзяржаўную МОВУ Беларусі!» прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а 18 жніўня — «экстрэмісцкім фармаваннем». 6 верасня суд прызначыў Уладзіміру 7 содняў арышту паводле арт. 19.11 КаАП «Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў». Вядома, што Уладзіміра ў ліпені 2022 г. звольнілі з Гомельскага лясгаса з «палітычных» матываў.
30 верасня 2022 г. суд Кастрычніцкага раёна Мінска прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі змесціва некаторых міжнародных пасылак. У спісе каля 70 пазіцый, сярод якіх паштоўкі, майкі, нашыўкі, часопісы, налепкі, кубкі і іншыя сувеніры. «Экстрэмісцкімі», сярод іншага, прызнаныя каляндар «Не маўчы па-беларуску» за 2021 год, паштоўкі з тэкстам «Па ашчушчэнию пальцы уже синие» і «Там жыццё рай, дзе свабоды край», налепка «Верым! Можам! Пераможам!», магніт з аўтазакам «Wеlсоme tо Веlаrus», світшот з катом у кароне, ля лап якога ляжыць меч і шчыт з крыжам і надпіс «Кусь за Беларусь», часопіс з коміксамі «Казкі-Краскі». Вядома, што пасля гэтага многія міжнародныя пасылкі і канверты пачалі праходзіць мытны кантроль.
У кастрычніку 2022 года стала вядома, што сетка дзяржаўных кнігарняў «Белкніга» разарвала дамовы з прыватнымі выдавецтвамі «Янушкевіч», «Кнігазбор», «Галіяфы». Усе вышэйназваныя выдавецтвы друкавалі па-беларуску. Адзначым, што ўлады неаднаразова прыпынялі дзеянне ліцэнзій выдавецтваў «Кнігазбор», «Галіяфы», а ў выдавецтве «Янушкевіч» ГУБАЗіК зладзіў ператрус і канфіскаваў кнігі, самога А. Янушкевіча неаднаразова каралі адміністрацыйным арыштам ().
5 кастрычніка 2022 г. у ДУ «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава» паспяхова абаронена дысертацыя на беларускай мове на атрыманне ступені кандыдата медыцынскіх навук Юдзіным Антонам Аляксандравічам «Лячэнне пацыентаў, хворых на рак нізкаампулярнага аддзела кутніцы, з ужываннем неаад’ювантнай хіміяпрамянёвай тэрапіі». Адна з адметнасцей гэтай падзеі заключаецца ў тым, што праца выканана на беларускай мове. Важна адзначыць, што пасяджэнне вучонага савета па абароне (вядзенне пасяджэння старшынёй, выступленне вучонага сакратара савета, навуковага кіраўніка, апанентаў) прайшло на беларускай мове. Гэтая навіна ўключана ў наш агляд таму, што беларускамоўныя дысертацыйныя даследаванні ў медыцыне хутчэй выключэнне з правіл, чым правіла, таму што ў асноўным усе працы выконваюцца па-руску. Як адзначыў Інстытут мовазнаўства: «Паспяховае выкарыстанне нацыянальнай мовы ў згаданых навуковых працах — яскравае пацвярджэнне таго, што беларуская мова з’яўляецца сучаснай мовай, здольнай ужывацца ва ўсіх сферах грамадскага жыцця».
6 лістапада 2022 г. ананімна на пошту Zerkalo.io прыйшло паведамленне аб выпадку, які адбыўся на пошце. Калі грамадзянін хацеў даслаць тэлеграму з тэкстам па-беларуску, супрацоўнік адразу зразумеў, што атрымальнік гэтай тэлеграмы ў СІЗА, так яно і было на самай справе. Гэты выпадак дэманструе нам, што ў цяперашні час беларуская мова ў Беларусі асацыюецца з турмой і зняволеннем.
15 лістапада 2022 г. акаўнт у Твітары Cyber Emo Punk паведаміў, што пры пошуках часовай працы у «Шэф-Кебаб» (вул. Савецкая, 7, г. Гродна) хлопцу адмовілі па моўнай прыкмеце. Сказалі, што яму патрэбна абавязкова валодаць рускай мовай, камунікаваць па-руску на працоўным месцы, нягледзячы на тое, што спецыфіка працы не патрабавала ад работніка нейкіх спецыяльных ведаў або навыкаў.
Да дня народзінаў Уладзіміра Караткевіча (26 лістапада) на сярэдняй школе №3 у Оршы, дзе ён вучыўся, павесілі мемарыяльную шыльду ў яго гонар. Гэтая сярэдняя школа з нядаўняга часу носіць імя класіка беларускай літаратуры. Але праблема ў тым, што шыльда ў гонар беларускага пісьменніка, які стаяў за абарону беларускай мовы, выкананая па-руску.
1 снежня 2022 г. стала вядома, што палітзняволенаму Анатолю Латушку адміністрацыя СІЗА «настойліва раіць» не пісаць лісты па-беларуску. Паведамляецца, што яго просяць не рабіць гэта, бо цэнзар у віцебскім СІЗА, дзе ён цяпер знаходзіцца, «не вывучала мову і зусім яе не разумее». З гэтым звязана тое, што лісты па-беларуску не даходзяць да палітвязня. Палітвязня затрымалі ў канцы студзеня 2022 года. Яго асудзілі на шэсць гадоў калоніі. Анатоля прызналі вінаватым па чатырох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ар. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»), ар. 370 («Здзек з дзяржаўных сімвалаў»), ч. 2 арт. 339 («Хуліганства, здзейсненае некалькімі асобамі»), арт. 203-1 («Незаконныя дзеянні ў адносінах да інфармацыі аб прыватным жыцці і персанальных даных»). 3 лютага 2022 г. Анатоль прызнаны палітзняволеным.
8 снежня кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка заявіў, што ўлады разгледзяць пытанне аб транслітарацыі геаграфічных назваў вуліц і населеных пунктаў з выкарыстаннем рускай мовы. Падставай для разгляду пытання сталі звароты праўладных актывістаў, якія не разумеюць назвы, напісаныя беларускай лацінкай.
Дагэтуль беларускія назвы геаграфічных аб’ектаў дубляваліся лацінскімі літарамі згодна з Інструкцыяй па транслітарацыі геаграфічных назваў Рэспублікі Беларусь літарамі лацінскага алфавіту, якая была зацверджана пастановай Дзяржаўнага камітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі яшчэ ў 2000 г. як прававы акт. Яе прынялі як агульнаабавязковую на дзяржаўным узроўні.
У той жа час у адказ на зварот праваабаронцы Ігара Случака Дзяржкамітэт па маёмасці паведаміў, што перадача геаграфічных назваў з беларускай формы напісання на лацініцу адбываецца толькі пры стварэнні ў Беларусі на замежных мовах картаграфічных і іншых твораў, прызначаных для міжнароднага карыстання.
9 снежня 2022 г. з артыкула «Нашай Нівы» стала вядома, што ў інтэрнэце падлеткі абмяркоўваюць выкарыстанне беларускай мовы ў школе. Так, дзяўчына-падлетак з райцэнтра дзеліцца фрагментам размовы са школьным настаўнікам. Яна кажа настаўніцы, што тая не можа забараніць ёй адказваць па-беларуску, бо ў краіне дзве дзяржаўныя мовы. А ў адказ чуе: «У нас рускамоўная адукацыя, таму я не буду больш ставіць адзнакі за беларускія адказы, толькі за рускія». У адказ на гэта іншыя падлеткі таксама паведамляюць, што настаўнікі ім не дазваляюць адказваць па-беларуску, весці дзённік, сшыткі і канспекты на беларускай мове.
27 снежня 2022 г. Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падчас сустрэчы на «працоўным чаяванні» ў Расійскім музеі ў Санкт-Пецярбургу дамовіліся, што 2023 год ва ўсім СНД будуць адзначаць як Год рускай мовы.
Гэтая навіна не дае нам падстаў разлічваць на тое, што сітуацыя з беларускай мовай у Беларусі хуткім часам зменіцца, але мы працягваем пільна сачыць за станам беларускай мовы і рабіць падобныя агляды.
Нагадаем вам, што калі ў вас ёсць прыклады дыскрымінацыі па моўнай прыкмеце, якія не ўвайшлі ў гэты агляд, то вы можаце дасылаць іх нам у любы час на наш адрас — naszamova@gmail.com.
(ENG) Review of infringements of linguistic rights in Belarus from September 1st to December 31st 2022
(RUS) Обзор нарушений языковых прав в Беларуси за период с 1 сентября по 31 декабря 2022 года